Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што асобныя моманты дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, падпісанай кіраўнікамі Беларусі і Расеі 8 сьнежня 1999 году, у цяперашні час ужо немагчыма рэалізаваць. Пра гэта інфармуе БелаПАН.
Сваім меркаваньнем Уладзімер Андрэйчанка падзяліўся з журналістамі 22 сьнежня ў Маскве, дзе прайшла 55-я сэсія Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Сюжэт пра гэта выйшаў у вячэрнім выпуску навін на тэлеканале СТВ.
«Мы прасунуліся вельмі далёка ў пляне інтэграцыі, — сказаў Андрэйчанка. — Але многае ня зроблена. Так, калі браць дамову 1999 году, то шэраг момантаў там цалкам вырашаны, шэраг знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. Ну а асобныя [моманты], на мой погляд, немагчыма будзе рэалізаваць, таму што сытуацыя зьмянілася, таму што створаны Эўразійскі эканамічны саюз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей адказаў Мядзьведзеву: «Пра незалежнасьць беларусы марылі цягам многіх стагодзьдзяў»Раней расейскія СМІ са спасылкай на інфармаваную крыніцу паведамлялі, што віцэ-прэм’ер РФ Дзьмітрый Козак на сустрэчы зь беларускай дэлегацыяй 11 сьнежня ня стаў абмяркоўваць кампэнсацыю страт ад падатковага манэўру і прадстаўленьне зьніжкі на газ «да прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы ». Афіцыйнай інфармацыі па выніках гэтай сустрэчы не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі адрэагавалі на ўльтыматум Мядзьведзева. 5 цытатаў13 сьнежня на пасяджэньні Саўміну Саюзнай дзяржавы ў Берасьці прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў пра гатоўнасьць Расеі прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суду, падліковай палаты.
Паводле Мядзьведзева, існуе два «інтэграцыйныя» сцэнары для Беларусі — кансэрватыўны і прасунуты. Паводле першага ў Беларусі захоўваюцца тыя «контуры Саюзнай дзяржавы, якія ёсьць сёньня, — без павышэньня ўзроўню інтэграцыі».
Прасунуты сцэнар прадугледжвае павышэньне інтэграцыі да адзінай валюты, адзінай мытнай службы, суду, падліковай палаты. Выбар інтэграцыйнага сцэнару павінны зрабіць прэзыдэнты краін, падкрэсьліў тады расейскі прэм’ер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньне14 сьнежня на сустрэчы з расейскімі журналістамі ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «шантажаваць Беларусь, спрабаваць нахіліць, стаць каленам на грудзі бескарысна».
«Я задаюся пытаньнем, калі нам кажуць: „Манэўр будзе, калі будзе больш глыбокая інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве“. А некаторыя наўпрост кажуць: „Ну, мы пакуль не гатовыя, каб вы шасьцю абласьцямі ўвайшлі ў склад Расеі “. Ну... і кропка», — сказаў Лукашэнка.
«Я ж ўмею чытаць, і вы таксама, паміж радкоў, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я разумею гэтыя намёкі. Можна прасьцей сказаць — атрымаеце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўсёды задаю пытаньне: такія рэчы, яны ў імя чаго робяцца? Расея гатовая прыняць Беларусь абласьцямі або цалкам у склад Расеі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай, ды і ў вашай краіне, ды і міжнародная так званая грамадзкасць? Не мыцьцём, дык палкай інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны. Але тыя, хто сёньня ў Расеі гэта прапаноўвае, відавочна не зыходзяць зь вялікіх памкненьняў яднаньня беларусаў і расейцаў. Не. Нешта тут іншае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што менчукі думаюць пра ўльтыматум Мядзьведзева. ВІДЭАПаводле слоў Лукашэнкі, гэтыя і іншыя пытаньні ён мае намер задаць Уладзіміру Пуціну на сустрэчы, якую заплянавана правесьці 25 сьнежня ў Маскве.