Чаму Масква прапануе вярнуцца да дамовы аб саюзнай дзяржаве? Ці азначае «не» Лукашэнкі канчатковае «не»? Як адрэагуе на прапановы Расеі для Беларусі міжнародная супольнасьць?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч, выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Скрыба, і аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: Чаму Расея дастала з доўгай скрыні паўзабытую дамову аб саюзнай дзяржаве, чаму Дзьмітры Мядзьведзеў агучыў новую формулу пажаданай Расеяй інтэграцыі – агульная валюта, суд, мытня? Падчас шматлікіх сёлетніх сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна шмат гаварылася пра тое, чаго хацела б Беларусь. А чаго хацела б Расея – маўчок. Разныя расейскія экспэрты казалі, што Маскву ў прынцыпе задавальняе існы ўзровень інтэграцыі, што ні пра якія амбіцыйныя праекты не гавораць нават у аналітычнай супольнасьці. Гаварылася, і шмат, пра нібыта існыя пляны саюзнага прэзыдэнцтва, каб працягнуць паўнамоцтвы Пуціна пасьля 2024 году.
Але пра тое, што агучыў Мядзьведзеў, не казаў, здаецца, ніхто. Дык што азначаюць гэтыя прапановы?
Скрыба: Гэтыя прапановы агучыў не прэзыдэнт Пуцін, а прэм'ер, былы прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў. Ён яшчэ калі быў прэзыдэнтам, рабіў большы акцэнт на міжнародныя дамовы. Ну вось у Берасьці ў размове з калегам Сяргеем Румасам ён прыгадаў, што ёсьць такая дамова і было б някепска яго ізноў прачытаць.
Расейскім чыноўнікам хацелася б больш яснасьці ў стасунках з Беларусьсю. Мне здаецца, нічога надзвычайнага не адбылося. Адзінае – што ў дыскурс вярнулася сама дамова. А тэма не зьнікала, тэма ўзьнімалася рэгулярна з абодвух бакоў, толькі з рознымі акцэнтамі.
Мядзьведзеў казаў пра два шляхі – кансэрватыўны і прасунуты. Ён патлумачыў, што калі краіны абіраюць кансэрватыўны шлях, то разьвіцьцё стасункаў адбываецца ў межах ЭАЭС. Калі беларуска-расейскі саюз больш прасунуты, дык яго варта прасоўваць і далей.
Цыганкоў: Я згодны з Андрэям у тым сэнсе, што калі дамовы існуюць, то пра іх можна нагадаць у любы момант. Зараз вострая фаза перамоваў па эканамічных пытаньнях – пра цану на газ, пра кампэнсацыю за падатковы манэўр – і дамоўленасьці пакуль не дасягнута. І тое, што прагучала ў Берасьці ад Мядзьведзева – гэта такая форма перамоваў.
Але пэўныя зьмены ў стаўленьні Расеі да Беларусі адбываюцца.
Першы аспэкт гэтага стаўленьня можна вызначыць формулай, якую пэўны час таму менавіта Мядзьведзеў прапанаваў расейскім пэнсіянэрам: «Грошай няма, але вы трымайцеся». Мы бачым усё меншае жаданьне Расеі плаціць за саюзьніцтва, за «пацалункі».
І другі аспэкт – вайскова-палітычны. У свой час Лукашэнка казаў расейцам – у вас акрамя беларускага войска на захадзе нічога няма. Цяпер гэта ўжо ня так. Расея страхуецца на выпадак, што Беларусь некалі можа наагул адпасьці.
Стратэгічная зьмена стаўленьня адбываецца, а тактычна гэта выліваецца вось у такія прапановы.
Дзятліковіч: Першая заява пра патрэбу ў іншым узроўні інтэграцыі прагучала з вуснаў Пуціна на нядаўнім саміце ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу. Мядзьведзеў фактычна яе толькі крыху пашырыў. Мэта гэтай прапановы – узмацненьне сваіх пазыцыяў на перамовах па бягучых пытаньнях.
Я ня думаю, што ў Расеі зараз сурʼёзна пралічваюць сцэнары рэальнай інкарпарацыі Беларусі, што падлічваюць, колькі грошай на гэта будзе трэба.
Больш прасунутая інтэграцыя – гэта насамрэч аргумэнт, каб плаціць паменей у цяперашняй сытуацыі.
Ці канчатковае лукашэнкавае "не"?
Дракахруст: На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ, якую даў Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу, ён адказаў на прапанову, агучаную Мядзьведзевым: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасьць? Ня кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
Фармальна кажучы, прапановы, агучаныя Мядзьведзевым, не прадугледжвалі прамой інкарпарацыі. Але рэакцыя Лукашэнкі – такая ж, як на прапанову Ўладзіміра Пуціна у 2002 годзе аб уступленьні Беларусі ў РФ 6 губерніямі.
Але гэтае цяперашняе лукашэнкавае «не» – гэта канчатковае «не»?
Цыганкоў: Прагназаваць, што гэтае «не» канчатковае, рызыкоўна. Але з таго, што мы ведаем пра Аляксандра Лукашэнку, з досьведу таго, якія рашэньні ён прымаў у мінулым, можна сказаць, што гэтае «не» канчатковае. Ніякіх станоўчых наступстваў ад «так» для самога Аляксандра Лукашэнкі няма.
Дракахруст: Як ніякіх няма? А 11 мільярдаў даляраў, у якія беларускі бок ацаніў страты ад падатковага манэўру? Будзе прасунутая інтэграцыя – будуць гэтыя мільярды.
Цыганкоў: Лукашэнка хоча іх вярнуць без выкананьня таго, што Масква вуснамі Мядзьведзева прапануе. Паводле яго гэтае вяртаньне вымагае калі ня літара, то дух саюзных дамоваў. А гэта – роўныя ўмовы гаспадараньня. Гэта ж і сапраўды закладзена ў дамовы і пра саюзную дзяржаву, і пра ЭАЭС. Расейцы кажуць – вы, беларусы, не выконваеце вось гэтыя пункты саюзнай дамовы. А Лукашэнка адказвае ня менш абгрунтавана – не, гэта вы не выконваеце вось гэтыя, іншыя пункты саюзнай дамовы. У абодвух бакоў ёсьць выгадныя ім і нявыгадныя пункты гэтых дамоўленасьцяў. І кожны бок хоча выконваць толькі тое, што яму выгадна.
Дракахруст: На што разьлічвалі ў Маскве, калі вылучалі прапанову аб адзінай валюце, мытні, судзе і г.д.? Што Менск, Лукашэнка яе прыме? І ў Масквы былі падставы на гэта разьлічваць? Ці разьлік быў на нешта іншае?
Скрыба: Ну дакладна мы можам толькі здагадвацца. Я зьвярнуў увагу на думку Віталя – Масква хацела даваць менш нафты ў абмен на пацалункі. Мяркую, што думалі пра наступствы ў сэнсе пэрспэктываў саюзнай дзяржавы наагул. Зараз прэзыдэнт Лукашэнка шчыльна супрацоўнічае з Расеяй, ён пры гэтым крыху гуляе на гэтым полі. Саюзная дзяржава незавершаная, тым ня менш яно ёсьць і гэта ў цэлым станоўчы досьвед.
Але калі мы з гэтага ўраўненьня прыбіраем Аляксандра Лукашэнку, а ўсе мы ня вечныя, то раней ці пазьней у краіны будзе іншы прэзыдэнт. Тады ў краіны адкрываецца шырокі спэктар варыянтаў і многія зь іх ня будуць задавальняць Расею. І праект саюзнай дзяржавы можа разваліцца з прычыны пераарыентацыі новай эліты на адносіны з Эўропай.
Расея хоча ня толькі менш плаціць, ёй патрэбная пэўнасьць, стабільнасьць. У Беларусі абавязацельствы нібыта і ёсьць, а нібыта і няма. Усе гэтыя ўмовы могуць у любы момант памяняцца.
Магчыма, часткова гэта была рэакцыя на крыху эмацыйныя з двух бакоў перамовы ў Пецярбургу. У беларускага прэзыдэнта ёсьць задача захаваць status quo, ён яго бенефіцыяр, усе адносіны з Масквой ідуць празь яго. А Расея хоча, каб адносіны былі завязаныя на на асобу, не на пэрсону, у якой яна ўпэўненая, а на інстытуты, на доўгатэрміновыя абавязацельствы, якія ня змогуць памяняць новыя людзі на чале Беларусі.
Дракахруст: Віктар, да вас тое ж пытаньне – на што разьлічвалі ў Маскве, вылучаючы такія прапановы? Парадаксальная, у нечым ерэтычная трактоўка – а можа як раз і разьлічвалі на тое, што гэтыя прапановы будуць адхіленыя?
Дзятліковіч: Я мяркую, што менавіта на гэта і быў разьлік. Бо паўтаруся – у Расеі няма прапрацаванага праекту далучэньня Беларусі да Расеі. Я б паверыў у наяўнасьць такога праекту, калі б Расея пасьля Крыму зрабіла гэта з рэгіёнамі ўсходу Ўкраіны. Але нават адносна Данбасу Расея на гэта не пайшла. У Расеі ня тая сытуацыя, каб браць на сябе такія эканамічныя абавязкі і палітычную рызыку. І праект далучэньня Беларусі (а мы насамрэч гаворым пра гэта, а не пра выкананьне саюзнай дамовы) зьвязаны зь яшчэ большай рызыкай.
І я мяркую, што разьлік быў як раз на жорсткую адмоўную рэакцыю Лукашэнкі.
Ці выпіша Захад Беларусі чэк на 11 мільярдаў даляраў?
Дракахруст: «Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасьць?» – задаў Лукашэнка рытарычнае пытаньне расейскім журналістам. А і сапраўды – як паглядзяць на гэта, у прыватнасьці, Захад? Для яго гэта будзе пацьвярджэньнем, што Расея імкнецца аднавіць СССР, марыць аб тэрытарыяльнай экспансіі? І што зробяць, калі так? Прыйдуць на дапамогу Беларусі, каб прадухіліць такі сцэнар?
Ці падумаюць – гэтыя беларусы і расейцы, яны ўвесь час лаюцца, то абʼядноўваюцца, то не абʼядноўваюцца. Дык якая будзе рэакцыя?
Цыганкоў: Акрамя нейкіх словаў пакуль нічога не было. Пакуль адбыўся абмен рытарычнымі фігурамі з мэтай атрымаць нейкія прэфэрэнцыі з аднаго боку і з мэтай іх не даваць – зь іншага. На ўласна заявы Мядзьведзева і адказ Лукашэнкі ніякай рэакцыі Захаду ня будзе. Калі казаць больш стратэгічна, то Захад падтрымлівае незалежнасьць Беларусі, выступае за яе захаваньне. У апошнія гады Захад стаў значна менш увагі падтрымцы правоў чалавека і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, стаўка зроблена на афіцыйны Менск у яго спробах дывэрсыфікаваць сваю зьнешнюю палітыку.
Дракахруст: Віктар, ці падпіша Захад чэк на 11 мільярдаў даляраў для Беларусі? Расея выкарыстоўвае гэтыя грошы для ціску, нехта скажа – для шантажу Беларусі. Колькі з гэтага рахунку Захад аплаціць, каб уратаваць беларускую незалежнасьць?
Дзятліковіч: На сёньняшні дзень, калі Масква і Менск спрачаюцца, прапановы вылучаюцца, прапановы адхіляюцца – Захад аплаціць 0 даляраў 0 цэнтаў. Захад стаў менш рэагаваць на пэўныя этапы перамоўнага працэсу паміж Беларусьсю і Расеяй. Яны разглядаюць гэта, як тактычную барацьбу. Бегчы з грашыма, каб перакупаць Лукашэнку, Захад ня будзе.
Скрыба: Захад, прынамсі, Эўразьвяз не практыкуе наагул дапамогу, калі сумы парадку 11 мільярдаў даляраў проста даюцца кіраўніцтву пэўнай краіны, якое распараджаецца ёй па сваім разуменьні. Яны могуць даваць крэдыты, як гэта адбывалася з Украінай, Грузіяй, Малдовай. Яны могуць даваць грошы пад канкрэтныя праекты.
Для беларускага прэзыдэнта расейскія грошы важныя ня толькі самі па сабе, але і тым, што менавіта ён іх разьмяркоўвае.
Па досьведзе Ўкраіны мы бачым, што нават палітычная, дыпляматычная падтрымка Захаду (ня кажучы ўжо пра фінансавую) мае пэўныя межы адносна лідэраў, якія паглядаюць на Расею, як на партнэра.
Варта прыгадаць выпадак Януковіча, які на пэўным этапе гэтую падтрымку Захаду страціў.
Захад можа аказаць падтрымку Беларусі, але сымбалічную і краіне ў цэлым, але не прэзыдэнту. І я мяркую, што гэтая падтрымка абмяжуецца асуджэньнем дзеяньняў Расеі.
Калі ж будзе запыт на нешта большае, то Эўразьвяз будзе вылучаць уласныя ўмовы. Ён гэта ўжо робіць. Літаральна ўчора прадстаўнікі Эўразьвязу на перамовах з МЗС Беларусі выставілі свае ўмовы, нагадалі, што ў Беларусі ёсьць праблемы і з выбарчым заканадаўствам, і з правамі чалавека.
Так што Менск сапраўды можа застацца без гэтых 11 мільярдаў даляраў. І гэта сурʼёзны выклік. Бо ў эканоміцы застаецца шмат праблемаў і на іх вырашэньне ці купіраваньне шляхам падвышэньня заробкаў гэтыя 11 мільярдаў вельмі патрэбныя.