Член Саюзу пісьменьнікаў Латвіі, пісьменьнік-фантаста Мікалая Гуданца знайшлі ў картатэцы агентаў КДБ, апублікаванай 20 сьнежня Нацыянальным архівам Латвіі. Гуданец растлумачыў у Фэйсбуку, як там апынуўся.
Паводле дадзеных у картцы, агент Гуданец быў завэрбаваны ў 1982 годзе пятым аддзелам КДБ Латыскай ССР. Гэты аддзел займаўся барацьбой з ідэалягічнымі дывэрсіямі.
Гуданец прызнаўся, што ў 1982 годзе быў завэрбаваны КДБ і прыкладна раз у паўгода на просьбу КДБ даваў характарыстыкі на знаёмых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі пачалі публікаваць архівы КДБ, у тым ліку сьпісы агентаўПісьменьнік сказаў, што спадзяваўся пасьля напісаць кнігу, у якой яму спатрэбіліся б веды аб прыёмах і мэтадах працы КДБ. Вясной 1991 году, распавядае ён, спэцслужба ўпершыню дала яму заданьне, даручыўшы ўкараніцца ў Расейскую грамаду Латвіі. Ён ня стаў гэтага рабіць. У жніўні таго ж году Латвія абвясьціла сваю незалежнасьць.
Гуданец кажа, што адчуваў сябе некамфортна з прычыны супрацоўніцтва, на момант падпіскі «быў дурнем» і не разумеў, што «з д’яблам нельга гуляць у яго гульні». Цяпер пісьменьнік шкадуе аб сваім рашэньні. «Нават праз 27 гадоў я адчуваю сябе так, нібыта ў г... акунуўся», — напісаў ён.
Пад пастом Гуданца ў Фэйсбуку разгарнулася дыскусія аб магчымасьці супрацоўнічаць са спэцслужбамі — частка чытачоў выступае ў падтрымку пісьменьніка, прымаючы яго раскаяньне, частка нагадвае яму пра досьвед людзей, якія адмаўляліся супрацоўнічаць з КДБ у любым выглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Праваслаўнай царквы Латвіі быў агентам КДБ па мянушцы «Чытач»Нацыянальны архіў Латвіі выклаў у інтэрнэт дакумэнты КДБ на падставе паправак да так званага закону аб КДБ, які прадугледжвае публікацыю архіваў савецкай спэцслужбы.
Былы прэм'ер, бізнэсмэны, спартоўцы. Хто яшчэ?
Усяго ў агентурнай картатэцы 10 612 картак. Апрача іншага, у ёй знайшліся карткі на імя кіраўніка Латвійскай праваслаўнай царквы мітрапаліта Аляксандра (Кудрашова), капітана зборнай СССР па баскетболе Валдзіса Валтэрса, былога мэра Даўгаўпілса Рыхарда Эігімса, у мінулым самага багатага чалавека Латвіі Аляксандра Лавента. Там жа — суўладальнік брытанскага футбольнага клюба «Блэкпул» Валеры Белаконеў і былы прэм’ер-міністар краіны Івар Годманіс.
З траўня 2019 года дзяржаўны архіў Латвіі пачне публікаваць у інтэрнэце і іншыя дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю КДБ. C матэрыяламі ў выглядзе файлаў у фармаце PDF, у асноўным напісанымі па-расейску і ад рукі, можна будзе азнаёміцца, набраўшы ў браўзэры kgb.arhivi.lv альбо зайшоўшы на асноўны сайт архіва www.arhivi.gov.lv і затым выбраўшы разьдзелы Aktualitātes або Virtuālās izstādes un digitālie resursi.
Атрымаць доступ да іх зможа зарэгістраваны карыстальнік, які паказаў імя, прозьвішча, ідэнтыфікацыйны або пэрсанальны код, адрас электроннай пошты ў якасьці імені карыстальніка і пароль, а таксама мэту выкарыстаньня дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія апублікуе ў інтэрнэце архівы КДБ, у тым ліку сьпісы агентаўНа афіцыйным сайце ўказваецца, што публікаваная ў гэтым месяцы картатэка прадастаўляе вельмі абмежаваныя аналітычныя магчымасьці без апэратыўных справаў і іншых матэрыялаў, якія плянуецца апублікаваць у траўні 2019 году. Толькі поўныя матэрыялы могуць даць адказ на пытаньне аб ступені рэальнага супрацоўніцтва меркаваных агентаў з савецкай спэцслужбай.
Асоба, чые дадзеныя, якія зьмяшчаюцца ў картатэцы, выкарыстоўваюцца кім-небудзь з парушэньнем недатыкальнасьці прыватнага жыцьця, абразай гонару і годнасьці, можа падаць у суд у грамадзянскім парадку. Згодна з законам, выдаляць і сьціраць дадзеныя з публікаванага архіву нельга.