Аляксандар Лукашэнка фактычна ня ў стане справіцца з карупцыяй.
Тэзісна
- Улады прызнаюць, што сталіца Беларусі — карумпаваны горад.
- Карупцыя ў Беларусі — гэта норма, неадʼемны элемэнт сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня.
- Узмацняецца маральная дэградацыя беларускага чынавенства.
- Кантроль зьверху не працуе, а кантролю зьнізу, з боку грамадзтва, улады баяцца
- У Аляксандра Лукашэнкі няма рэальных спосабаў мінімізаваць карупцыю
Галоўным пытаньнем нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Менску 20 сьнежня стала тэма карупцыі. Менавіта яна выклікала найбольшую цікавасьць грамадзкасьці.
Ня першы раз Лукашэнка абвінавачвае менскіх чыноўнікаў у карупцыі. 28 верасьня 2012 году ён казаў:
«Я вам скажу адкрыта, паўтарыўшы недзе: у мяне ўжо двойчы ўзьнікала жаданьне позна ўвечары зачыніць Менгарвыканкам, апячатаць усе дзьверы на суткі, а з раніцы прызначыць старшыню Менгарвыканкаму, можа нават вайскоўца, „жалезнага“ чалавека, які б на працягу кароткага часу пачаў набіраць кіраўнічы склад, вярхі гарвыканкаму, якія б адсеялі з таго, што ёсьць у гарвыканкаме, па мінімуме пакінулі работнікаў і набіралі новых».
Час ідзе, Лукашэнка мяняе кіраўнікоў Менску, але сытуацыя не мяняецца. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што і ў звальненьні папярэдняга старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца быў карупцыйны складнік:
«У вашага былога мэра занадта блізкія былі адносіны зь некаторымі „гандлярамі“. Я гэта таксама вельмі добра ведаю. Гэта адна з прычын, чаму ён сёньня ўжо не працуе».
Цікавы сам факт, што на нарадзе з кіраўніцтвам Менску прысутнічаў старшыня КДБ Валеры Вакульчык. Больш за тое, мяркуючы па асьвятленьні гэтай падзеі дзяржаўнымі мэдыямі, ён там вёў рэй. Менавіта ягоны выступ зачапіў публіку. Вакульчык адзначыў, што ў пытаньні карупцыі сталіца — адзін з самых праблемных рэгіёнаў краіны.
«У Менску карупцыйныя праявы выяўляюцца па ўсіх сфэрах, узроўнях і кірунках — ад кіраўніцтва Менгарвыканкаму і прамысловых гігантаў да раённых паліклінік і школьных сталовак», — сказаў старшыня КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня грэбавалі нічым». 6 прыкладаў карупцыі, пра якія старшыня КДБ даклаў ЛукашэнкуЗ таго, што сказаў Вакульчык, можна зрабіць некалькі высноваў.
- Карупцыя ў Беларусі — гэта ня нейкі чужародны элемэнт, а неадʼемны складнік сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. Яна існуе, як сказаў Вакульчык, «па ўсіх сфэрах, узроўнях і кірунках».
- Злоўжываньне ўладай стала не выключэньнем, а правілам, нормай. Гэта новая нармальнасьць для Беларусі.
- Узмацняецца маральная дэградацыя беларускага чынавенства. Гэта яскрава ілюструецца тым, што грошы бралі нават са школьных сталовак, абіраючы дзяцей.
- Кантроль зьверху не працуе. Лукашэнка шмат разоў распавядаў, што пры прызначэньні на пасады людзей з кадравага рэестру прэзыдэнта кандыдатаў правяраюць з дапамогай таго ж КДБ, іншых праваахоўных органаў. Відаць, на кожнага чыноўніка ёсьць дасье з кампраматам. Чаму ўвесь гэты мэханізм не спрацоўвае? Можа, кампрамат — неабходная ўмова прызначэньня? Напрыклад, каб зрабіць чыноўніка больш паслухмяным — і такім чынам нэўтралізаваць любыя сюрпрызы падчас выбараў. Гэта гіпотэза.
- У такіх выпадках эфэктыўным можа быць кантроль зьнізу. Трэба было б паклікаць на дапамогу грамадзтва. Але дзеля гэтага трэба мяняць усю палітычную сыстэму — перайсьці да рэальных выбараў, допуску сыстэмнай апазыцыі, свабоды СМІ, празрыстасьці ў працы дзяржаўных органаў і інш. Зразумела, на гэта Лукашэнка ніколі ня пойдзе.
- Карупцыя дэлегітымізуе існы рэжым. Лукашэнка часткова адчувае гэта. Вось на згаданай нарадзе ён заявіў, што ў Менску недавер да мясцовых уладаў большы, чым у астатніх рэгіёнах.
- Згубную ролю адыгрывае практыка памілаваньня асуджаных за карупцыю чыноўнікаў. Апошніх прывучаюць да думкі, што ў краіне працуе не закон, а воля Лукашэнкі. І калі моцна пакаяцца, напісаць прашэньне, асабліва напіраючы на тое, што цар літасьцівы, то можна хутка выйсьці на свабоду. Праўда, Лукашэнка нядаўна паабяцаў больш гэтага не рабіць. Але, як вядома, ён гаспадар свайго слова...
- Адзінае, што прапануе Лукашэнка, гэта ўзмацніць пакараньне. Але наўрад ці гэта спрацуе. У Кітаі за карупцыю чыноўнікаў караюць сьмерцю, аднак гэта мала дапамагае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч: Рост хабарніцтва тлумачыцца маральнай дэградацыяй чынавенства