Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык 20 сьнежня расказаў Аляксандру Лукашэнку пра самыя гучныя факты карупцыі, выяўленыя ў Менску. Гэта адбылося падчас нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Менску, піша БелТА.
«У Менску карупцыйныя праявы выяўляюцца па ўсіх сфэрах, узроўнях і кірунках — ад кіраўніцтва Менгарвыканкаму і прамысловых гігантаў да раённых паліклінік і школьных сталовак», — сказаў старшыня КДБ.
1. «Паборы» з камбінатаў школьнага харчаваньня і гандлёвых прадпрыемстваў.
«Ня грэбавалі нічым. Грошы бралі ў тым ліку з школьных сталовак, усталяваўшы цьвёрдую штомесячную таксу. Дзеля гэтага дзецям зьмяншалі порцыі, перапрацоўвалі нязьедзеныя рэшткі ці папросту мянялі рэцэптуру», — сказаў Вакульчык
2. Шэраг злачынстваў, калі фігуранты адчувалі беспакаранасьць і бязьдзейнасьць вышэйшых чыноўнікаў. Прыклады не канкрэтызуюцца.
«Замест прынцыповага падыходу да карупцыянэраў гарадзкая ўлада пайшла па шляху выгароджваньня сваіх. А тыя, хто мусіць стаяць сьцяной супраць карупцыйных праяваў, самі сталі актыўнымі ўдзельнікамі ці, у лепшым выпадку, далікатна закрывалі вочы», — сказаў Вакульчык.
3. 64 недарагія кватэры прадалі «камэрсанту».
«У выніку замест менчукоў, якім сапраўды неабходна было жытло, недарагія кватэры на фармальна законных падставах набывалі набліжаныя супрацоўнікі Ўпраўленьня камунальнага будаўніцтва і знаёмыя. Прычым у большасьці выпадкаў не для сябе, а для далейшага перапродажу з добрай маржой», — сказаў Вакульчык.
4. Кіраўнікі галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку прыходзілі ў ЦУМ па тавары і не плацілі за іх, а таксама арганізоўвалі банкеты ў менскіх рэстарацыях за кошт падначаленых прадпрыемстваў.
«Маючы немалыя заробкі, некаторыя службовыя асобы апускаюцца да адкрытага рвацтва», — сказаў старшыня КДБ.
5. Адзін зь дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску, які ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, штотыдзень у чацьвер задарма атрымліваў прадуктовыя наборы з адной сеткі крамаў.
«Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Звычайныя рыба, курыца, алей, пяльмені і нават марозіва — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым замовы паступаюць ня толькі ад яго і ягонай жонкі, але і ад іхніх сваякоў» — сказаў Вакульчык.
6. Прапрацоўка Менскім водаканалам пытаньня замены пакватэрных лічыльнікаў вады на новае абсталяваньне дыстанцыйнага кіраваньня. Кошт замены можа скласьці 75–250 млн рублёў.
«Пытаньне, што рухае службовымі асобамі водаканалу ў рэалізацыі ідэі новых лічыльнікаў — просты непрафэсіяналізм ці ўжо паабяцаныя стымулы з боку камэрсантаў, якія лабіруюць пастаўкі», — сказаў Вакульчык пра магчымы карупцыйны складнік.
20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў узмацніць пакараньне за карупцыйныя злачынствы.
Паводле Крымінальнага кодэксу
- атрыманьне хабару караецца пазбаўленьнем волі на 3–15 гадоў;
- злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі — пазбаўленьнем волі на 3–10 гадоў;
- даваньне хабару — пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.