На нарадзе з кіраўніцтвам Менску 20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў змагацца зь бюракратыяй і карупцыяй. Свабода сьцісла публікуе тэзісы Лукашэнкі.
Карупцыі ў Менску «зашмат», вінаватыя бізнэсоўцы і чыноўнікі
Працай Менгарвыканкаму Лукашэнка незадаволены. Паводле яго, трэба сфармаваць «эфэктыўны апарат» ведамства: «не трымаць тых, хто сябе дыскрэдытаваў і ня хоча працаваць», але «гнаць нікога ня трэба».
Да вырашэньня праблемаў сталіцы будуць далучаць неабыякавых менчукоў. Калі глядзець па ўсёй краіне, то ў Менску, паводле Лукашэнкі, недавер да мясцовых уладаў большы, чым у астатніх рэгіёнах.
Пакараньне за карупцыю будзе ўзмоцнена
Лукашэнка загадаў «прапрацаваць меры і падрыхтаваць прапановы», каб узмацніць пакараньне за карупцыйныя злачынствы. Ён сказаў, што заўжды патрабуе, каб высокіх службовых асобаў бралі «на гарачым учынку», калі іх падазраюць у карупцыі.
Паводле Крымінальнага кодэксу
- атрыманьне хабару караецца пазбаўленьнем волі на 3–15 гадоў;
- злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі — пазбаўленьнем волі на 3–10 гадоў;
- даваньне хабару — пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.
Што яшчэ сказаў Лукашэнка?
- Загадаў распрацаваць і заканадаўча замацаваць пляны разьвіцьця зямель у прыгарадзе сталіцы.
- Недастаткова разьвіты «хуткі і недарагі» транспарт з гарадоў-спадарожнікаў, каб туды пераяжджалі жыць.
- Гарады-спадарожнікі і індустрыяльны парк — «вэктары разьвіцьця і разгрузкі сталіцы».
- Нельга, каб насельніцтва Менску перавысіла 2 мільёны, бо «гэта ўмова камфортнага жыцьця людзей». Паводле Лукашэнкі, шчыльнасьць насельніцтва ў беларускай сталіцы большая, чым у Варшаве, Бэрліне, Кіеве, Рызе і Вільні.
- Сярэдняя рэнтабэльнасьць прамысловых прадпрыемстваў Менску «ня здольная дасягнуць двухзначнай лічбы». Гэтыя прадпрыемствы адстаюць ад патрабаваньняў сучаснага рынку.