На нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту 18 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Сёньня спорт — гэта ўжо не барацьба, а вайна. Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай ці ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш перамагчы». Акрамя таго, кіраўнік Беларусі прапанаваў прапісаць у дамовах выплаты дзяржаве, калі спартовец зьяжджае: «Заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны».
Асноўныя тэзісы
- У Беларусі пануе культ «вайны», і спорт ня можа заставацца выключэньнем.
- Дзяржава ставіцца да спартоўцаў не як да свабодных людзей, а як да прыгонных жаўнераў, якіх прызвалі выканаць свой доўг перад радзімай.
- Лёзунг «Галоўнае — не перамога, а ўдзел», магчыма, пасуе для спаборніцтваў у дзіцячых летніках, але не для прафэсійнага спорту.
Калі ў Беларусі паўсюль «вайна», дык чаму спорт мае права заставацца выключэньнем? Культам «вайны» пранізана наша мова і рэальнасьць. «Бітва за ўраджай», «вайна з карупцыяй», інфармацыйныя, «газавыя» і нават «малочныя» войны з Расеяй. Па некалькі тыдняў кожны год дзяржава адзначае спачатку 9 траўня, потым, амаль бяз паўзы, 3 ліпеня (з маленькім прыпынкам на 22 чэрвеня). Беларускую кінастудыю іранічна называюць не «Беларусьфільм», а «Партызанфільм».
А на вайне як на вайне. Вы не заўважалі, наколькі моцна спартовая лексыка нагадвае вайсковую? «Перамога любой цаной», «біцца да апошняга», «памерці на полі»? Нават «легіянэры» — спартовае слова, якое прыйшло да нас з войнаў мінулых стагоддзяў. Навінная стужка на сайтах і тэлеканалах падчас Алімпядаў нагадвае зводку баявых дзеяньняў — «Сёньня нашы байцы ў цяжкіх баях узялі горад...» Ой, то бок — «сёньня нашы біятляністы ў цяжкай барацьбе заваявалі мэдаль».
Адпаведна дзяржава і ставіцца да спартоўцаў: не як да свабодных людзей, якія проста вырашылі выбраць сабе пэўную прафэсію (спорт) і дабівацца там найлепшых вынікаў — а як да жаўнераў, прыгонных вайскоўцаў, якіх прызвалі выканаць свой доўг перад радзімай. А якія правы ў вайскоўцаў? Толькі аддаць сваё жыцьцё (у спорце гэта здароўе) у той самай цяжкай барацьбе за заваяваньне (ад слова «вайна») чарговай узнагароды для Радзімы.
Аднак давайце прызнаемся — у сучасным сьвеце нідзе, ані ў якай краіне, ад Кітаю да ЗША, людзі не ўспрымаюць прафэсійны спорт як проста забаву і проста працу. Сёньня лёзунг заснавальніка Алімпійскага руху барона дэ Кубэртэна «Галоўнае — не перамога, а ўдзел», магчыма, пасуе для спаборніцтваў у дзіцячых летніках, але не для прафэсійнага спорту, дзе ад перамог залежыць твой матэрыяльны дабрабыт, статус і сьветлая будучыня. У сучасным сьвеце, дзе, як калісьці пісаў Чынгіз Айтматаў, колькасьць закінутых шайбаў вызначае перавагі палітычнай сыстэмы, спартовая перамога — гэта ўсё: нацыянальны гонар, віншаваньні ад прэзыдэнта, шалёныя натоўпы на вуліцах, мільённыя ганарары і мэдалі на грудзях герояў.
І, дарэчы, наўрад ці Лукашэнка ведае, хто адным зь першых параўнаў спорт з вайной. Гэта Джордж Оруэл, аўтар славутых антыўтопіяў «Фэрма» і «1984»: «Сур’ёзны спорт ня мае нічога агульнага з сумленнай гульнёй... Іншымі словамі, гэта вайна мінус страляніна».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў браць кампэнсацыі са спартоўцаў, якія зьяжджаюць, бо ім «бабла адвалілі». ЦЫТАТЫ