10 сьнежня, калі ў сьвеце адзначалі 70 год Дэклярацыі правоў чалавека, па Менску віселі сьцягі Судана, бо прыехаў іхны прэзыдэнт і па сумяшчальніцтве дыктатар Амар аль-Башыр.
Ва ўсім сьвеце аль-Башыр — ізгой, непажаданая асоба, бо ён, як лічаць многія, пачынальнік грамадзянскай вайны, у якой загінулі тысячы чалавек. Выдачы аль-Башыра патрабуе Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Але ў Беларусі ён доўгачаканы госьць. Пагадзіцеся, гэта пэўны сыгнал дэмакратычнаму сьвету, дзе яшчэ працягваюць верыць у здольнасьць беларускага рэжыму выправіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з «самым жорсткім» прэзыдэнтам з Афрыкі. Хто такі аль-БашырАле тое вонкавыя прыкметы. А як па сутнасьці, можна было пабачыць 10 сьнежня ў Цэнтральным судзе Менску.
У гэты дзень у суд мусілі прывезьці актора-пачаткоўца студыі Свабоднага тэатру, якога раней затрымалі за антыміліцэйскі пэрформанс. Аднадумцы чакалі яго з раніцы і ўсё не маглі дачакацца. І чым даўжэй чакалі, тым большая станавілася «група падтрымкі». Міліцыянты, якія мусілі прывезьці затрыманага на суд, відаць, гэта ўцямілі. Магчыма, яны западозрылі, што ў судзе рыхтуецца новая акцыя, бо яўна зрабілі прэвэнтыўныя захады. Якія? А вось паглядзіце, што адбывалася далей.
А далей, блізу 16 гадзіны да суду пад’ехала міліцэйская «Газэль», зь якой выйшаў доўгачаканы актор, а далей, адзін за адным, зьявіліся іншыя ўдзельнікі масоўкі, усяго 12 затрыманых. Усе былі ў кайданках, прычым счэпленыя імі ў два ланцугі па чацьвёра і яшчэ два па двое.
Каго прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну? Вось мужчына сярэдняга веку глядзіць сумна-сарамлівым позіркам праз дарагія акуляры, другі ў паўпаліто пасьпяховага бізнэсоўца, яшчэ адзін выглядае як замежнік, а вось рабочы ў памаранчавай форме — няйнакш затрымалі адразу з працы. Сярод пяці жанчын сама меней дзьве былі цалкам прыстойнага выгляду, з фрызурамі і ў модных ботах.
Усе яны выйшлі з «буханкі», разьмялі ногі-рукі, аднак здымаць зь іх кайданкі ніхто і не падумаў. Даўгі міліцыянт зь дзьвюма зоркамі на пагонах пагнаў людзей праз галоўны ўваход зь вяртушкай спачатку ўніз, на цокальны паверх, дзе паставіў у шэраг тварам да сьцяны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кайданках па чацьвёра. Актора «Свабоднага тэатру» прывезьлі ў суд прыкаваным да іншага чалавекаПраз паўгадзіны тыя самыя два ланцугі па чацьвёра і два па двое пацягнуліся па крутой лесьвіцы на другі паверх. Калі хто забыў кніжныя выявы чорных нявольнікаў зь вяроўкамі на шыі — гэта тое, што можна было бачыць 10 сьнежня ў Цэнтральным судзе. Гэтым разам, праўда, наверсе людзей пасадзілі на лавы ў закутку калідора, але кайданкаў так і не зьнялі. І паміж сабой не расчапілі.
Каб зачыніць вакно, бо дзьмула, з лавы падняліся адразу два «нявольнікі». На абурэньне наведніка суду адносна кайданкоў прапаршчык адказаў, што затрыманыя могуць зьбегчы, таму і такія захады. «Вось вы ня бачылі, а я добра гэта ведаю», — прагучаў ад яго жалезны аргумэнт. Тым часам міма працокала абцасамі пракурорка. Нуль увагі на счэпленых кайданкамі людзей. Нібы такое тут кожны дзень.
Прайшло яшчэ хвілін 20, і суд пачаўся. Праўда, перад гэтым даўгі прапаршчык нарэшце зьняў з затрыманых кайданкі, але зноў выстраіў усіх уздоўж калідора тварам да сьцяны і забараніў паварочвацца. Толькі той, з выглядам замежніка, усё круціў галавой ды лупаў вачыма.
Судзіў адміністрацыйна затрыманых адзін і той жа малады судзьдзя. Людзі заходзілі ў залю па жывой чарзе — і ўжо праз 1–2 хвіліны куляй выскоквалі на калідор, большасьць з усьмешкамі на тварах. Толькі першы атрымаў 5 сутак арышту і адразу зноў быў закаваны ў кайданкі. Аказалася, раней ён меў судзімасьць. Астатнія радаваліся штрафам, як дзеці. Вакол іх лілі сьлёзы шчасьця сваякі. Адна базавая, дзьве, зноў адна... Выдатна!
А за што ж іх штрафавалі?
У тых, хто выходзіць з суду шчасьлівы, што не давядзецца вяртацца ў кутузку, няцяжка распытаць пра дэталі. Але адзін з затрыманых адказаць ня змог — той, які выглядаў замежнікам. Аказалася, ён уцякач з Сырыі. Пра яго распавяла жонка, якая была на судзе над мужам перакладчыцай. Яшчэ ў пятніцу яго забралі на вуліцы супрацоўнікі ДАІ за тое, што перайшоў ня там дарогу. Нічога ня змог патлумачыць, бо амаль не разумее па-расейску, дык яму аформілі непадпарадкаваньне міліцыі. Тры дні чалавек адбыў на Акрэсьціна, хоць, пэўна ж, маглі па адрасе выклікаць жонку. Сырыец выходзіў зь беларускага суду з вырачанымі вачыма. Што ён пра нас думаў, можна толькі ўявіць.
У мужчыны з акулярамі сытуацыя была падобная. Перайшоў ня там дарогу, спынілі міліцыянты. Стаў абурацца, дык забралі пад пратакол, бо крыху быў нападпітку.
Рабочы ў памаранчавых штанах пацьвердзіў здагадку пра сябе. Прыйшоў дадому, сеў выпіваць. Суседзі выклікалі міліцыю. Забралі. Але каб зьбягаць? «Ды вы што?»
Адна з жанчын падзялілася сваім болем. «У мяне з мужам цёркі. Як пасяджу зь сяброўкамі, выклікае на мяне міліцыю. Але каб кайданкі — гэта ўпершыню».
Другая жанчына, са шнарам на твары, дадала: «Нас закавалі яшчэ ў Цэнтральным райаддзеле і гэтак павезьлі ў машыне ў суд. Як мы туды ўпіхнуліся, не перадаць!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паведамілі пра пажар і сталі першымі з падазроных». Новая гісторыя пра зьдзек у міліцэйскім пастарунку?Пытаюся, чаму не абураліся, не пратэставалі? Бо кайданкі — гэта ж спэцсродак, яго дазволена ўжываць толькі ў выключных выпадках ды адносна самых «крымінальных элемэнтаў». Дзівіцца, адкуль такі разумны: «Вы што? Будзе толькі горш!»
Яшчэ з назіраньняў у судзе Цэнтральнага раёну: ніхто з сваякоў адміністрацыйна затрыманых, а ў судзе тых сваякоў было, можа, дзесяць, ані пікнуў наконт таго, што іх родных трымаюць як нявольнікаў — з рукамі ў кайданках, ды яшчэ скаванымі ў жывы ланцуг. Нават калі абурыліся іншыя наведнікі, сваякі маўчалі. Такая жыцьцёвая пазыцыя: хай нехта іншы за нас скардзіцца, пратэстуе, змагаецца за нашы правы, а нам дастаткова чакаць і спадзявацца на цуд. І гэта таксама твар беларускага грамадзтва. Тут кайданкі ня толькі на злачынцах — яны і на ахоўніках, на людзях нібыта вольных, на ўсім грамадзтве.
Дарэчы, Дэклярацыя правоў чалавека, якая адзначыла 70 год, утрымлівае, сярод іншага, і параграф аб праве грамадзянаў на супраціў прыгнёту і несправядлівасьці. Пэўна, менавіта з-за гэтага параграфа Дэклярацыю ў свой час не падпісала кіраўніцтва СССР, на шмат гадоў адрэзаўшы сваіх грамадзянаў, у тым ліку беларусаў, ад шляху цывілізацыі і дэмакратыі. Так, мы дагэтуль пажынаем тыя плады, але і самі мала што робім для рэальных зьменаў.
І вернемся ў Цэнтральны суд. Ніякіх забурэньняў ці мастацкіх апазыцыйных імпрэз 10 сьнежня там, вядома ж, не адбылося, і запалоханыя «адміністрацыйна затрыманыя» з суду ўцякаць, вядома ж, не зьбіраліся. І суд на наступны дзень даў актору за пэрформанс супроць міліцыі ўсяго толькі штраф, хоць яго і пратрымалі тры дні ў вязьніцы. Дык навошта тады некаму ў галаву прыйшла гэтая ідэя — надзець людзям на рукі кайданкі, ды яшчэ і счапіць іх у ланцуг? Навошта было паказваць сьвету свой сапраўдны, «адэкватны» твар у такі дзень? Лепшы пэрформанс супроць саміх сябе прыдумаць цяжка.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяры менскага гарадавога. Поўны сьпіс