Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кайданках па чацьвёра. Актора «Свабоднага тэатру» прывезьлі ў суд прыкаваным да іншага чалавека


10 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску так і не адбыўся працэс над Д., якога затрымалі 8 сьнежня за ўдзел у пэрформансе «Дэканструкцыя міліцыянта».

У судзе яго ад раніцы чакалі калегі з тэатральнай лябараторыі «Фартынбрас». Але Д. прывезьлі толькі каля 16-й гадзіны разам зь іншымі 12 затрыманымі па адміністрацыйных справах.

Усе яны былі скаваныя паміж сабой кайданкамі — дзьве групы па чатыры чалавекі і яшчэ дзьве — па двое.

Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд з цытатамі міністра Шуневіча на вопратцы
Акторы Свабоднага тэатру прыйшлі ў суд з цытатамі міністра Шуневіча на вопратцы

Праз гадзіну асудзілі ўсіх прывезеных, акрамя Д. Сакратар судзьдзі Івана Касьцяна паведаміў, што справа накіраваная на дапрацоўку.

Актывісты лічаць, што правы Д. былі парушаныя. «Яго цэлы дзень трымалі бязь ежы і не давалі нават вады», — сказала Свабодзе акторка «Свабоднага тэатру» Марыя Бяльковіч.

11 сьнежня будзе 3 дні, як затрымалі Д. У гэты ж дзень яшчэ двое ўдзельнікаў пэрформансу мусяць прыйсьці ў Цэнтральнае РУУС Менску «для разьбіральніцтва», паведаміла Марыя Бяльковіч.

6 сьнежня Свабодны тэатар правёў флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў Менску. Тры студэнты тэатральнай лябараторыі «Фартынбрас» пры Свабодным тэатры ўдзельнічалі ў флэшмобе, пераапрануўшыся ў міліцэйскую форму зь вясёлкавымі пагонамі.

МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам

  • 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
  • Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
  • У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG