«Гандлёвыя войны, цана на газ». Асноўныя прэтэнзіі Лукашэнкі да Расеі

Пра якія праблемы заяўляў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы лідэраў краін Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Пецярбургу.

Кіраўнікі краін ЭАЭС абмеркавалі асноўныя праблемы ўзаемаадносін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 6 сьнежня. Свабода сабрала асноўныя прэтэнзіі кіраўніка Беларусі да гэтага эканамічнага саюзу наагул і да расейскага кіраўніцтва ў прыватнасьці.

Найперш, што такое ЭАЭС?

ЭАЭС — Эўразійскі эканамічны саюз, міжнародная арганізацыя эканамічнай інтэграцыі, створаная з ініцыятывы Расеі 1 студзеня 2015 году. На сёньня ў саюз уваходзяць пяць краін: Беларусь, Расея, Казахстан, Армэнія, Кіргізія. Шостая краіна, Малдова, з траўня 2018 году мае статус краіны-назіральніка.

Цана на газ для Беларусі

Цяперашняя цана на газ для Беларусі несправядлівая, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь лідэрамі краін ЭАЭС. Ён паспрачаўся наконт гэтай цаны з Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік Беларусі прывёў прыклад — тарыф «Газпрома» на транспартаваньне прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1000 м³ на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расеі — каля 1 даляра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Пуціну: «Няправільныя ў вас разьлікі!» Як кіраўнікі Беларусі і Расеі паспрачаліся наконт цаны газу. ВІДЭА

Але Пуцін парыраваў, што цана на газ для ФРГ — 250 даляраў, а для Беларусі — 129. І калі б цана фармавалася рынкава, то яна б дасягнула 200 даляраў.

Лукашэнка ня першы раз кажа пра патрэбу роўных цэн на нафту, газ і нафтапрадукты ў межах ЭАЭС. Паводле ягоных слоў, у такіх умовах беларускія прадпрыемствы працуюць у няроўных умовах з расейскімі.

«Усе чамусьці кажуць: вось, Лукашэнка ўсё пра гэтыя газ, нафту і гэтак далей. Для нас важна, каб мы са смаленскім, маскоўскім, піцерскім прадпрыемствамі працавалі ў роўных умовах. Тады ствараецца канкурэнтаздольнасьць нармальная. Што такое, калі прадпрыемства ў Казахстане ці Расеі працуе ў лепшых умовах, чым нашы? Гэта значыць, на нашых прадпрыемствах з часам можна паставіць крыж», — сказаў Лукашэнка напярэдадні ў інтэрвію тэлеканалу «Россия-24».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст Чалы пра спрэчку Пуціна і Лукашэнкі: Формула падліку цаны на газ для Беларусі несправядлівая

«Гандлёвыя войны»

Гандлёвыя войны — яшчэ адна праблема, якую Лукашэнка прыгадаў падчас сустрэчы ў Пецярбургу.

«Трэба выключыць пратэкцыянізм пры прыняцьці рашэньняў», — заявіў ён і нагадаў, што пратэкцыянізм ва ўсясьветным гандлі называюць «эканамічнымі войнамі».

Лукашэнка дадаў, што Расея на пачатку 2018 году прапанавала працу па ліквідацыі бар’ераў, якія перашкаджаюць фармаваньню агульнага рынку ЭАЭС. Але, на яго думку, гэтае пытаньне пакуль ня зьнятае.

Аляксандар Лукашэнка ня раз прыгадваў праблемныя моманты ў гандлёвых адносінах з ініцыятарам ЭАЭС — Расеяй.

«Я Дзьмітрыю Анатольевічу (Мядзьведзеву) з такім намёкам казаў — праглядаецца нацыянальны эгаізм у гандлі. Але мы ведаем, што гэтага быць не павінна», — падкрэсьліваў ён у інтэрвію тэлеканалу «Россия-24».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Расею: Праглядаецца нацыянальны эгаізм у гандлі

Гаворка ідзе пра гандлёвыя праблемы, калі беларускія прадукты на мяжы разварочвае расейскі «Рассельгаснагляд».

Увесну Расея зьбіралася цалкам спыніць экспарт беларускай малочнай прадукцыі, але гэтага не адбылося. У лістападзе расейскае кантрольнае фіта-санітарнае ведамства забракавала прадукцыю 11 беларускіх мясных і малочных вытворцаў.

Няроўныя мытныя ўмовы

Яшчэ адна праблема, пра якую ня раз узгадваў Лукашэнка і якую прэзыдэнты маглі абмяркоўваць «за зачыненымі дзьвярыма», — мытныя пошліны. На сустрэчы вышэйшай рады ЭАЭС у Сочы ў траўні 2018 году так і не змаглі дамовіцца, як разьмяркоўваць сумы ўвазнога мыта. Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае нявыгадныя ўмовы ў гэтым пытаньні.

Цяпер увазное мыта разьмяркоўваецца такім чынам: Армэнія — 1,22%, Беларусь — 4,56%, Казахстан — 7,05%, Кіргізстан — 1,9%, Расея — 85,26%.

Такія нарматывы дзейнічаюць да 31 сьнежня, і калі ў сакавіку прымалася рашэньне падоўжыць іх дзеяньне, Лукашэнка адкрыта выказваўся супраць гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што Беларусь пастаўленая ў няроўныя ўмовы ў ЭАЭС