Але дакумэнт будзе дзейнічаць яшчэ тры з паловай месяцы.
Вярхоўная Рада Ўкраіны пагадзілася са спыненьнем з 1 красавіка 2019 году дзеяньня Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве з Расеяй, падпісанай у траўні 1997 году і ратыфікаванай парлямэнтам у студзені 1998-га.
Адпаведны законапраект, ініцыяваны прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, падтрымалі 227 з 331 дэпутата, зарэгістраванага ў сэсійнай залі.
У законе адзначаецца, што такое рашэньне ўхвалена ў сувязі «з узброенай агрэсіяй Расеі супраць Украіны».
«Спыненьне дзеяньня дамовы вызваляе Ўкраіну ад любых абавязаньняў у яе выкананьні».
Цяпер закон мае падпісаць прэзыдэнт Украіны. Юрыдычна ён набудзе моц на наступны дзень пасьля публікацыі.
Дамова аб дружбе паміж Украінай і Расеяй была падпісаная ў 1997 годзе. Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжваў, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласнасьць адзін аднаго і пацьвярджаюць непарушнасьць існых паміж імі межаў», а таксама «будуюць адносіны адзін з адным на аснове прынцыпаў узаемнай павагі сувэрэннай роўнасьці, непахіснасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай».
Дамова была заключаная на тэрмін дзесяць гадоў — у 2008-м яе дзеяньне было аўтаматычна прадоўжана. Каб спыніць дзеяньне дамовы, Украіна афіцыйна мае паведаміць Расеі не пазьней чым за шэсьць месяцаў да заканчэньня чарговага дзесяцігадовага пэрыяду — гэта значыць, да кастрычніка 2018 году. МЗС Украіны зрабіў гэта ў верасьні.
У 2014 годзе Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым і разьвязала ўзброеную агрэсію на Данбасе, падтрымаўшы сэпаратыстаў. Больш за 10 тысяч салдат загінулі, каля мільёна чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы.
Сёлета ў лістападзе расейскі спэцназ захапіў у Керчанскай пратоцы два ўкраінскія катэры з маракамі і буксір. Маракі арыштаваныя, расейскі бок вінаваціць іх у незаконным перасячэньні мяжы. Ва Ўкраіне канфлікт у пратоцы расцэньваюць як дадатковы доказ узброенай агрэсіі Расеі, распачатай у 2014 годзе.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.