«Майго сына зьвінавацілі ў згвалтаваньні», — маці аднаго з падлеткаў на судзе над пінскім дырэктарам

Падчас судовага паседжаньня

У Пінску прайшоў першы дзень працэсу над дырэктарам школы Фёдарам Радзівонам, якога вінавацяць паводле артыкула 9.1 Адміністрацыйнага кодэксу — «Наўмыснае нанясеньне цялесных пашкоджаньняў» падлеткам, якія каталіся на скейце і самакаце на ганку школы 11 верасьня.

Замірэньня не адбылося

На пачатку працэсу судзьдзя запытаўся, ці не жадаюць бакі прымірыцца.

«Прайшло ўжо тры месяцы, а чалавек нават ня выбачыўся. Пра якое прымірэньне можа ісьці гаворка?» — заявіла маці аднаго з пацярпелых хлопчыкаў.

«Майму дзіцяці нанесьлі траўму і зьвінавацілі яго ў згвалтаваньні. Ніякага прымірэньня ня будзе», — сказала маці другога падлетка.

Пасьля суду яна патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што пад гэтымі словамі мела на ўвазе тое, што «пэўныя людзі з групы падтрымкі» дырэктара распаўсюджвалі пасьля канфлікту ў сацсетках інфармацыю, што яе сын датычны да згвалтаваньня.

«Я напісала на іх заяву ў міліцыю за паклёп», — сказала яна.

Ударыў галовамі падлеткаў на ганку школы

Судзьдзя зачытаў матэрыялы справы, паводле якіх дырэктара Фёдара Радзівона вінавацяць у тым, што 11 верасьня ён ударыў галовамі падлеткаў Міхаіла Ц. і Дзяніса Ж., і з гэтай прычыны Міхаіл атрымаў цялесныя пашкоджаньні. Апроч таго, дырэктара вінавацяць у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў маці Міхаіла Кацярыне і яе старэйшаму сыну Андрэю.

Будынак суду

Паказаньні бакоў

Дырэктар Фёдар Радзівон сваёй віны не прызнаў. Ён заявіў, што выйшаў запрасіць дзяцей на гутарку, бо яны каталіся на ганку і ўяўлялі пагрозу для дзяцей, якія выходзяць са школы.

«Але я пачуў: „Ды пайшоў ты!“. Яны працягвалі катацца, і калі я рушыў ім насустрач, можа, крыху не разьлічыў сваіх магчымасьцяў, атрымалася сутыкненьне двух дзяцей», — сказаў Фёдар Радзівон.

Дырэктар прызнае, што пасьля гэтага, калі дзяцей завялі ў школу, у аднаго зь іх была кроў на губе і яму прыкладалі сурвэткі.

Пасьля здарэньня Радзівон зь іншымі супрацоўнікамі школы павёў дзяцей у кабінэт, адзін з падлеткаў па дарозе патэлефанаваў маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцей

Кацярына Ц. у сваіх паказаньнях патлумачыла, што была ў шоку ад убачанага, калі прыйшла.

«Мой Міша вісеў на крэсьле, а Радзівон крычаў на яго і біў далоньню ў галаву і грудзі», — кажа Кацярына.

Кацярына апавяла, што ёй не адразу ўдалося забраць з кабінэта сына Міхаіла, а толькі пасьля таго, як увагу дырэктара адцягнуў на сябе яе старэйшы сын Андрэй.

Пры апытаньні ў судзе Андрэй заявіў, што дырэктар падчас канфлікту ў кабінэце ўдарыў яго па шчацэ і ўхапіў далоньню ззаду за шыю, націскаючы ўніз.

Таксама апыталі 15-гадовага Дзяніса Ж., які пацьвердзіў, што дырэктар сутыкнуў яго і Міхаіла галовамі на ганку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вусы падтрымкі». У абарону дырэктара пінскай школы, якога вінавацяць у зьбіваньні дзяцей, запусьцілі флэшмоб

11-гадовага Міхаіла Ц. у судзе не дапытвалі, яго інтарэсы прадстаўляе маці.

Аднак напрыканцы паседжаньня судзьдзя пастанавіў выклікаць падлетка на наступнае паседжаньне. Яго дапытаюць у прысутнасьці пэдагога.

Маці хлопчыка была супраць яго апытаньня ў судзе, аргумэнтуючы тым, што дзіця — інвалід, і для яго гэта будзе стрэс.

Аднак судзьдзя настаяў, Міхаіла выклічуць на наступнае паседжаньне, якое пройдзе 14 сьнежня. Таксама выклічуць як сьведак працаўнікоў школы, дзе адбыўся канфлікт, і экспэрта, які рабіў заключэньне аб цялесных пашкоджаньнях.

Крымінальнай справы не заводзілі

Праверку па факце інцыдэнту праводзіў Пінскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту. Аднак начальнік СК ня ўгледзеў падставаў для таго, каб прыцягнуць дырэктара Фёдара Радзівона да крымінальнай адказнасьці «па факце нанясеньня цялесных пашкоджаньняў» (ч. 3, артыкул 426).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы супраць палітыкі прэзыдэнта?» Менскія школьнікі запісалі на відэа, як іх заганяюць у БРСМ