Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску бацькі вучняў судзяцца з дырэктарам школы — лічаць, што ён біў іхных дзяцей


Бацькі пінскіх падлеткаў падалі пазоў супраць дырэктара школы № 18 Фёдара Радзівона. 5 сьнежня аб 11 гадзіне ў судзе гораду Пінску і Пінскага раёну пачаўся адміністратыўны працэс.

Суд ідзе паводле артыкулу 9.1 адміністрацыйнага кодэксу «Наўмыснае нанясеньне цялесных пашкоджаньняў». Адміністрацыйную справу ў суд накіравала міліцыя пасьля адмовы ў завядзеньні крымінальнай справы.

Бацькі хочуць прызнаньня дырэктара вінаватым, нейкіх фінансавых прэтэнзій да яго не выстаўлялі.

11 верасьня ў Пінску здарыўся канфлікт паміж дырэктарам сярэдняй школы № 18 Фёдарам Радзівонам і вучнямі СШ № 10 Дзянісам Ж. і Міхаілам Ц., якія каталіся на ганку школы на самакаце.

«У сына было малінавае вуха»

Бацькі падлеткаў заявілі, што дырэктар пабіў іхных дзяцей, ударыў іх галовамі і гвалтам завёў у кабінэт.

Па вэрсіі бацькоў, дырэктар менавіта зьбіў вучняў.

​«Каля школы я ўбачыла Дзяніса Ж. з разьбітым тварам, ён выціраў кроў. Ён сказаў, што іх пабіў дырэктар, а Мішу пацягнулі ў школу.

У школе я пачула лаянку і крыкі. У прыёмнай убачыла, як дырэктар дзяўбе майго сына. Міша практычна паўляжаў на крэсьле, я думала, што ён памірае. У яго было малінавае вуха. Ён інвалід дзяцінства, сур’ёзна хворы, лечыцца ў Бараўлянах. На яго нельга рабіць фізычнага ўзьдзеяньня.

Я стала паміж дырэктарам і сынам, паказала яму пасьведчаньне, што дзіця — інвалід. Але дырэктар не адрэагаваў, і скандал працягваўся, ён пачаў мяне штурхаць», — расказвала Свабодзе маці аднаго зь вучняў пяціклясьніка Мішы.

«Яны паслалі мяне на тры літары!»

Дырэктар Фёдар Радзівон адмаўляе, што біў школьнікаў, ён кажа, што гэта яны яго правакавалі. Паводле яго, яны самі сутыкнуліся паміж сабой, пасьля чаго ён завёў школьнікаў на размову да сябе ў кабінэт.

«Магчыма, я сябе недзе няправільна павёў, бо мяне пасылалі на тры літары і я схапіў гэтых дзяцей. Ніхто законы фізыкі не адмяняў, і атрымалася так, што яны сутыкнуліся. Гэта адзінае, што я ім зрабіў. Ёсьць Бог, ёсьць кампэтэнтныя органы, і я спадзяюся, што яны разьбяруцца», — расказаў Свабодзе Фёдар Радзівон.

Пасьля інцыдэнту ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз, ён апынуўся ў лякарні. Фёдар Радзівон працуе дырэктарам ужо 12-ы год. Быў ляўрэатам спэцыяльнага фонду прэзыдэнта, дэпутатам.

Інцыдэнт шырока абмяркоўваўся ў сацыяльных сетках. Адны карыстальнікі сталі на бок вучняў, іншыя падтрымалі дырэктара. У школе праходзілі акцыі ў падтрымку дырэктара Радзівона. Вучні пісалі словы падтрымкі свайму дырэктару нават на асфальце каля будынка школы.

Праверку па факце інцыдэнту праводзіў Пінскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту. Аднак начальнік СК ня ўгледзеў падставаў для таго, каб прыцягнуць дырэктара Фёдара Радзівона да крымінальнай адказнасьці «па факце нанясеньня цялесных пашкоджаньняў» (ч. 3, артыкул 426).

У выніку бацькі самі зьвярнуліся ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG