У Македоніі прайшоў мітынг супраць зьмяненьня назвы краіны

Больш за тысячу чалавек мітынгавалі ў сталіцы Македоніі Скоп’і супраць пагадненьня з суседняй Грэцыяй аб зьмене назвы краіны.

Удзельнікі сабраліся перад будынкам парлямэнту 18 лістапада.

Урад Македоніі 2 лістапада ўхваліў праект зьменаў у Канстытуцыю, якія прадугледжваюць зьмяненьне назвы краіны на Паўночную Македонію. Цяпер пакет паправак перададуць у парлямэнт для імплемэнтацыі. Гэта адбудзецца прыкладна ў студзені наступнага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Македонскі парлямэнт падтрымаў перайменаваньне краіны

У выпадку зацьвярджэньня зьмены назвы краіны ў парлямэнце Македоніі далей пагадненьне павінен ратыфікаваць парлямэнт Грэцыі, каб яно пачала дзейнічаць.

Увечары 19 кастрычніка парлямэнт Македоніі 80 галасамі «за» і 39 «супраць» прагаласаваў за прапанаваныя ўрадам зьмены — перайменаваньне краіны ў Паўночную Македонію.

Зьмена назвы краіны пакладзе канец спрэчцы Македоніі з суседняй Грэцыяй, якая ў адказ перастане блякаваць далучэньне Скоп’я да NATO і Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея захоча ўмяшацца ў рэфэрэндум аб назьве Македоніі, — міністар абароны ЗША

Атэны з часу абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Македоніі ад былой Югаславіі 1991 году не прызнаюць назвы краіны, таму што гэтаксама называецца традыцыйны рэгіён Македонія на поўначы Грэцыі. У Атэнах заяўляюць, што такая ж назва паўночнага суседа, зьяўляецца тэрытарыяльнай прэтэнзіяй Скоп’я на поўнач Грэцыі.

Грэцыя блякавала перамовы македонцаў аб уступленьні ў NATO і Эўразьвяз, цяпер жа гэтая дарога для рэспублікі можа быць адкрытая.

У канцы верасьня ў Македоніі прайшоў рэфэрэндум аб перайменаваньні. Больш за 90 адсоткаў выбарнікаў, якія прыйшлі на галасаваньне, выступілі за новую назву. Аднак празь нізкую яўку рэфэрэндум прызналі несапраўдным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум аб новай назьве Македоніі: вялікая падтрымка, але правал