Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Македонскі парлямэнт падтрымаў перайменаваньне краіны


Прэм’ер-міністар Македоніі Зоран Заеў
Прэм’ер-міністар Македоніі Зоран Заеў

Македонія зьменіць назву, што дасьць магчымасьць рэспубліцы ўступіць у NATO і Эўразьвяз. Раней за зьмену назвы на рэфэрэндуме прагаласавалі 36,91% грамадзянаў.

Парлямэнт Македоніі ўхваліў папраўкі ў Канстытуцыю, якія прадугледжваюць перайменаваньне краіны ў рэспубліку Паўночная Македонія. Пра гэта паведамляе Reuters.

З 120 дэпутатаў Сходу Македоніі 80 прагаласавалі за зьмену назвы — рашэньне, якое дазволіць краіне ўступіць у NATO і Эўразьвяз.

У канцы верасьня ў Македоніі прайшоў рэфэрэндум аб перайменаваньні краіны ў Паўночную Македонію. Яўка на галасаваньні склала 36,91% пры неабходных законам 50%, рэфэрэндум быў прызнаны несапраўдным. З тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, 91,46% падтрымалі перайменаваньне краіны.

Плебісцыт меў кансультацыйны характар, пытаньне аб зьмене назвы было сфармулявана так, каб забясьпечыць пэрспэктывы ўступленьня краіны ў Эўразьвяз і NATO ў выпадку галасаваньня «за». Дагэтуль уступленьне Македоніі ў NATO і Эўразьвяз блякавала Грэцыя — Атэны лічаць, што Скоп’е будзе прэтэндаваць на грэцкую правінцыю Македонія. У сувязі з гэтым Грэцыя блякавала ўступленьне Македоніі ў эўрапейскі блёк і паўночнаатлянтычны альянс.

Прэм’ер-міністар Зоран Заеў пасьля рэфэрэндуму заявіў, што мае намер дамагчыся перайменаваньня краіны і выставіць гэтае пытаньне на галасаваньне ў парлямэнце. Калі б галасаваньне ў парлямэнце дало адмоўны вынік, Заеў плянаваў абвясьціць датэрміновыя парлямэнцкія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG