Менскі спартовы клюб «Волат» апублікаваў на сваёй старонцы «ЎКантакце» пост з забаронай наведваць свае трэнажорныя залі «алькаголікам і наркаманам, а таксама асобам нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна забараніць хадзіць у трэнажорку гею, камуністу або мусульманіну?Клюб таксама забараніў «атрыбутыку, якая прапагандуе вышэйназваныя дэструктыўныя паводзіны (лісты марыхуаны, рэкляма алькаголю, вясёлкавыя сьцягі і г.д.)».
Аб гэтым клюб заявіў у абвестцы пра бясплатныя заняткі «для ўсіх ахвочых» — таксама пра «ўсіх ахвочых» пішуць на сайце клюбу. У разьдзеле «нашыя мэты» клюб піша пра «ратаваньне нацыі ад выраджэньня і дэградацыі» — зьвяртае ўвагу на алькагалізм, наркаманію, курэньне, «залежнасьць ад сацыяльных сетак і гульняў». Але на сайце стаўленьне клюбу да ЛГБТ-людзей не апісваецца.
Старшы трэнэр клюбу Віталь Рак адмовіўся ад камэнтароў.
Выданьне The Village піша, што па «кантактным тэлефоне клюбу» (а на сайце і ў сацсетках пазначаны толькі адзін нумар — Віталя Рака) заявілі, што «не абавязаныя адказваць на вашыя пытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партрэт Шуневіча пранесьлі на найбуйнейшым гей-прайдзе СкандынавііНа пост зьвярнуў увагу ЛГБТ-актывіст, ініцыятар кампаніі «Справа Пі» Андрэй Завалей.
На Facebook ён абурыўся тым, што такія заявы робяць людзі, якія называюць сябе патрыётамі (клюб ужывае ў тым ліку нацыянальную сымболіку, пад пастом з забаронай стаіць хэштэг #ЖывеБеларусь).
Завалей параўнаў пост з гамафобнай заявай міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча — маўляў, калі так пішуць «сапраўдныя патрыёты», то «няма альтэрнатывы Шуневічу». Актывіст дадаў, што не прапануе абвяшчаць байкот клюбу, а заклікае сам клюб прызнаць памылку і выправіць яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размаўляць пра гамафобію, а не замоўчваць яе. Што казалі на вечарыне памяці забітага гея Пішчэўскага