ЗША аднавілі санкцыі супраць энэргетычнага, фінансавага і суднаходнага сэктараў Ірану. Напярэдадні аднаўленьня санкцыяў у Іране адзначылі гадавіну захопу амэрыканскай амбасады.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прыняў рашэньне аб аднаўленьні санкцыяў напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША, якія могуць зьмяніць балянс сілаў у Кангрэсе. Ён разьмясьціў у «Твітэры» сваё фота з подпісам «Санкцыі блізка», выкананым у стылістыцы тэлесэрыялу «Гульня прастолаў» тэлекампаніі HВО.
Пад надпісам стаіць дата: 5 лістапада. Сапраўды, у гэты дзень санкцыі набылі сілу.
Іран цяпер перажывае эканамічны крызіс, адзначае «Голас Амэрыкі». Курс нацыянальнай валюты ўпаў да за 145 тысячаў рэалаў за даляр — год таму было 40,5 тысячы рэалаў за даляр. Эканамічны хаос прывёў да масавых антыўрадавых пратэстаў у канцы мінулага году. У выніку выступаў амаль 5 тысяч чалавек былі арыштаваныя, а прынамсі 25 чалавек — забітыя.
ЗША заяўляюць, што мэтай санкцыяў ёсьць не зрынаньне ўраду, а радыкальная зьмена палітыкі іранскіх уладаў, у тым ліку адносна падтрымкі рэгіянальных груповак баявікоў і распрацоўкі балістычных ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня. Аднак асабісты адвакат Трампа Рудзі Джуліяні і дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан у сваіх публічных заявах падтрымалі зрынаньне тэакратычных уладаў Ірану.
Прыхільнікі «цьвёрдай лініі» адносна Штатаў у Іране адказалі на публікацыю Трампа пра санкцыі таксама з адсылкай на «Гульню тронаў»: выявай вайсковага камандзіра з подпісам «Я выстаю супраць цябе».
За некалькі гадзінаў да аднаўленьня санкцыяў тысячы іранцаў выйшлі на маніфэстацыі з нагоды 39-й гадавіны захопу амбасады ЗША ў Тэгеране і крызісу з закладнікамі.
***
У 1979 годзе ўдзельнікі студэнцкіх дэманстрацыяў перабраліся праз агароджу амэрыканскай амбасады, абураныя рашэньнем прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра дазволіць уезд у краіну зрынутаму іранскаму шаху для лячэньня анкалягічнага захворваньня. Студэнты занялі ўвесь комплекс амбасады. Некалькі супрацоўнікаў уцяклі і схаваліся ў доме канадзкага амбасадара ў Іране, пазьней пакінулі краіну. 52 закладнікі былі вызваленыя толькі больш як праз год. Падчас спробы вызваленьня закладнікаў (апэрацыя «Арліны кіпцюр») у аварыі верталёта загінулі 9 чалавек, зь якіх 8 — вайскоўцы ЗША.