Паводле зьвестак крыніц агенцтва Bloomberg, Вашынгтон ня будзе выступаць супраць закупак іранскай нафты васьмю краінамі, сярод якіх Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя і Індыя. У абмен на гэтыя паслабленьні дзяржавы, для якіх зробленыя выключэньні, павінны будуць скарачаць імпарт нафты — такім чынамі удасца пазьбегнуць росту цэн.
Дзярждэпартамэнт і Міністэрства фінансаў ЗША паведамленьні ў прэсе аб саступках у іранскіх санкцыях не пракамэнтавалі. Паводле агенцтва Bloomberg, афіцыйна аб зьмене ў санкцыйным рэжыме будзе абвешчана 2 лістапада.
Агенцтва тлумачыць, што паслабленьне будзе часовым. ЗША, як сьцьвярджаецца, чакаюць, што краіны, вызваленыя ад неабходнасьці ўводзіць санкцыі, і далей будуць зьніжаць аб’ём закупак іранскай нафты.
Адносіны ЗША і Ірану абвастрыліся ў траўні. Тады прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе з шматбаковай «ядзернай зьдзелкі» з Тэгеранам і паэтапным аднаўленьні санкцый.
Амэрыканскія і ізраільскія ўлады ўпэўненыя, што дасягнутая тры гады таму дамова дазваляла іранцам атрымаць сродкі на таемную распрацоўку ядзернай зброі.
У Тэгеране адмаўляюць такія абвінавачаньні. Эўрасаюз не пагадзіўся з ЗША і заявіў аб распрацоўцы захадаў, якія дазволяць ухіліцца ад выкананьня амэрыканскіх санкцый. Расея і Кітай падтрымалі ЭЗ у гэтым пытаньні.