Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША аднаўляюць санкцыі супраць Ірана


Адміністрацыя Дональда Трампа абвясьціла аб аднаўленьні санкцый супраць суднаходнага, фінансавага і энэргетычнага сэктараў Ірана. Гэта другая сэрыя абмежавальных мераў супраць Тэгерана, якія аднаўляюць ЗША.

У цяперашні час Іран перажывае эканамічны крызіс. Курс нацыянальнай валюты ўпаў да 145 тысяч рыалаў за адзін даляр — у той час, як год таму ён складаў 40,5 тысяч рыалаў за даляр. Эканамічны хаос прывёў да масавых антыўрадавых пратэстаў у канцы мінулага года. Паведамляецца, што ў выніку выступаў амаль 5 тысяч чалавек былі арыштаваныя, а па меншай меры 25 чалавек — забітыя.

ЗША заяўляюць, што мэтай санкцый зьяўляецца не зьвяржэньне ўрада, а радыкальнае зьмяненьне палітыкі іранскіх уладаў, у тым ліку што тычыцца падтрымкі рэгіянальных груповак баявікоў і распрацоўкі балістычных ракет далёкага радыюса дзеяньня.

За некалькі гадзін да аднаўленьня санкцый тысячы іранцаў выйшлі на маніфэстацыі з нагоды 39-й гадавіны захопу амбасады ЗША ў Тэгеране і крызісу з закладнікамі.

4 лістапада 1979 года ўдзельнікі студэнцкіх дэманстрацый перабраліся праз плот амэрыканскай амбасады, абураныя рашэньнем прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра дазволіць уезд у краіну шаху Мухамэду Рэзе Пэхлаві для лячэньня анкалягічнага захворваньня. Студэнты занялі ўвесь комплекс амбасады. Некалькі супрацоўнікаў зьбеглі і схаваліся ў доме канадзкага амбасадара ў Іране. Пазьней яны пакінулі краіну, дзякуючы апэрацыі, праведзенай ЦРУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG