Магчыма, у недалёкай будучыні нават звычайны мабільны тэлефон зможа зрабіць экспрэс-дыягностыку для свайго ўладальніка. Прынамсі, так мяркуе стваральнік беларускага стартапа Deepdee Яраслаў Ліхачэўскі.
Машына можа вызначыць гляўкому
Адзіны орган, у якім выразна відаць усе судзіны, — гэта вока, і па ім можна вызначыць шэраг хваробаў. Звычайна гэтым займаюцца спэцыялісты зь вельмі вузкай кваліфікацыяй.
«Здолеў чалавек — здолее і машына», — лічыць 31-гадовы мянчук Яраслаў Ліхачэўскі, кіраўнік стартапа Deepdee з штаб-кватэрай у Нідэрляндах. Ён з калегамі распрацоўвае сыстэму для дыягностыкі вочнага дна па здымках.
Сёньня сыстэма найлепш пазнае тры хваробы: узроставую макулядыстрафію, дыябэтычную рэтынапатыю ды гляўкому. У плянах — сардэчна-судзінныя і нэўралягічныя захворваньні. Паводле распрацоўшчыкаў, іхні альгарытм адрозьнівае здаровае вока ад хворага зь верагоднасьцю 95% і правільна ставіць дыягназ у 60–96% выпадкаў у залежнасьці ад захворваньня. Як кажа Яраслаў, магчымасьці касьмічныя.
Увосень 2017 году яны з камандай выйгралі ў беларускім хакатоне Social Weekend, потым трапілі ў нідэрляндзкі аксэлератар для стартапаў Rockstart, а цяпер маюць офіс у горадзе Нэймэгэн ды рыхтуюцца да рэгістрацыі свайго прадукту.
Цікавасьць да матэматыкі са школы
Яраслаў — тэхнічны спэцыяліст з тых, чый шлях быў зразумелы яшчэ ў школе: зь сястрой яны пароўну падзялілі здольнасьці да дакладных навук і творчасьці.
«Я ніколі ня ўмеў граць музыку ці танцаваць, але навучаўся ў матэматычнай гімназіі (цяпер 11-я гімназія Менску) і ўдзельнічаў у алімпіядах. У школе мне дапамагла цікавасьць да кампутарных гульняў: калі іх трэба было „хакнуць“, даводзілася разьбірацца ў кодзе. Потым маёй галоўнай цацкай зрабіўся кампутар», — кажа ён.
Матэматыка і алімпіяды прывялі Яраслава ў ліцэй БДУ, а потым — на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Зрэшты, суразмоўца яго ня скончыў, а працоўны шлях пачаў грузчыкам у прамзоне Шабаны.
На другім курсе ўнівэрсытэту ён займаўся стварэньнем рэсурсу finance.tut.by пад кіраўніцтвам аднаклясьніка, а потым зь сяброўкай заняўся ўласным праектам Shukaj.by, які называе ўлюбёным.
«Мы прыдумалі сэрвіс, які будзе ператвараць экскурсіі ў квэст-гульні. Падчас першай гульні 14 лютага 2015 году мы расказвалі пра рамантычныя легенды і паданьні Менску — і за дзень згуляла больш як 600 чалавек. Цэлае масавае мерапрыемства...» — прыгадвае суразмоўца.
Аўтары праекту таксама стварылі плятформу, куды прыходзілі аўтары квэстаў, і зладзілі адмысловую школу па гэтай тэме для студэнтаў. Потым вырашылі прадаваць прадукт бізнэсу, і пачалі з квэстаў у Міры ды Нясьвіжы. Квэсты адбываюцца і цяпер, але ўжо дзякуючы іншым людзям.
Чаму не працягнулі гэтую працу? Не хапіла ведаў, каб маштабаваць прадукт і вывесьці на заходні рынак, кажа Яраслаў.
Хакатон даў давер з боку лекараў
Гісторыя стартапа Deepdee (ад ангельскага deep diagnostics — глыбокая дыягностыка) пачалася з ідэі пра перакладчык мовы жэстаў. На хакатоне па штучным інтэлекце ў сьнежні 2016 году праект перакладу праваліўся. Тады ж каманда пераключылася на новую ідэю, паралельна маючы іншую працу.
Праз 9 месяцаў яны прыйшлі на хакатон Social Weekend, але выключна каб сустрэцца з мэнтарам Юрыем Мельнічакам (заснавальнік Maps.Me і AIMatter — апошні праект быў куплены кампаніяй Google).
«Ён заняты чалавек, зь якім складана сустрэцца проста так. На хакатон ён змог прыехаць толькі ў ноч з суботы на нядзелю, калі мы ўжо зьбіраліся дадому», — кажа Яраслаў. Хакатон прынёс шмат, але найперш — давер да праекту з боку лекараў.
Потым стартап трапіў у аксэлератар Rockstart, які разам зь іншай дапамогай забясьпечыў кантакты з клінікамі ў Нідэрляндах ды Бэльгіі. Гэта вельмі істотна, тлумачыць Яраслаў Ліхачэўскі, бо мэдычная галіна вельмі зарэгуляваная, а мэдычныя стартапы толькі пачынаюць зьяўляцца.
250 тысяч вачэй і пяць супрацоўнікаў
Сёньня ў базе стартапа сотні тысяч здымкаў вочнага дна, якія сыстэма мае навучыцца аналізаваць.
«На адных каты, на іншых сабакі, на некаторых увогуле невядома што, — тлумачыць Яраслаў. — Экспэрты пазначаюць здымкі, каб нэўрасетка навучылася іх адрозьніваць. Розныя жывёлы — гэта нашыя захворваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Двума пстрыкамі». Як беларус спрасьціў аплату праз інтэрнэтЯдро каманды складаецца з 5 чалавек у Беларусі і Эўропе: два дактары, адзін бізнэс-спэцыяліст, два тэхнічныя спэцыялісты, у тым ліку Яраслаў. Неўзабаве каманда пашырыцца: прыцягнуць больш тэхнічных спэцыялістаў і дактароў. Да таго ж кампанія рэгіструецца і ў Беларусі.
«Ёсьць байка сярод стартапэраў: кажуць, што беларускі рынак ідэальны. Яго настолькі няма, што адразу пачынаеш думаць пра глябальны. Вэнчурныя інвэстары пачынаюць укладацца ў праект, калі аб’ём твайго мэтавага рынку больш за 500 мільёнаў эўра. ЗША, Індыя, Кітай і Эўразьвяз — трэба быць там, каб прадаваць там», — лічыць Яраслаў Ліхачэўскі.
Калі не выключацца з камунікацыі, то выгарыш
Цяпер прадукт стартапу Deepdee на стадыі прататыпу. Колькі трэба працаваць для гэтага на дзень? Увесь час, калі каротка пераказаць Яраслава.
«Калі захапляе тое, што робіш, то нават у вольны час чытаеш карыснае для працы, шукаеш, што табе патрэбна. Складана палічыць, колькі я працую. Але час ад часу намагаюся выключыцца з камунікацыі цалкам. Напрыклад, на выходных я паехаў у Друю і двое сутак нікому не адказваў. Старэйшыя калегі кажуць, што калі гэтага не рабіць, то рана ці позна выгарыш», — кажа стартапэр.
Першымі інвэстуюць сябры, сям’я і дабрадзеі
Дзе шукаць інвэстыцыі? Яраслаў пераказвае парады калегаў: прадумаць стратэгію стартапа, а потым прыйсьці да інвэстара і расказаць, як ты прапануеш зрабіць з аднаго даляра два.
«Калі казаць пра этапы, то першы называецца Friends.Fools.Family — „Сябры, дурні і сям’я“. У Беларусі таксама кажуць, што калі праграміст ня здолеў зарабіць уласныя 10 тысяч даляраў на першапачатковыя інвэстыцыі, то зь ім можна нават не размаўляць. Гэтыя грошы ты выкарыстоўваеш, каб пабудаваць прататып і паказаць, што ты ўяўляеш, каму і як гэта прадаваць», — кажа Яраслаў.
Наступныя інвэстыцыі на раньніх стадыях — «анёльскія», з аксэлератараў ці фондаў. У Беларусі нядаўна стварылі асацыяцыю бізнэс-анёлаў. Плюс у Менску ёсьць тры стартап-хабы, якія дапамагаюць камандам-пачаткоўцам ведамі і кантактамі.
Далей можна зьвяртацца да інвэстыцыйных фондаў, кажа Яраслаў. Але, заўважае ён, гэта «самыя дарагія грошы, таньней узяць крэдыт у банку».
Толькі адна кампанія выпусьціла падобны прадукт
Працоўны прататып сыстэмы Deepdee зьявіўся напрыканцы мінулага году, і дагэтуль кампанія яго ўдасканальвае.
«У мэдыцыне ўсе складаней, чым у звычайным праграмаваньні. Каб ператварыць прататып у прадукт, ты мусіш атрымаць сэртыфікат у той краіне, дзе зьбіраесься яго выкарыстоўваць. Гэты шлях пралягае праз клінікі і мноства дактароў», — тлумачыць кіраўнік стартапа.
Найперш кампанія арыентуецца на рынак краінаў Бэнілюксу (Нідэрлянды, Бэльгія і Люксэмбург) але думае таксама пра Эўразьвяз, Індыю і ЗША. Канкурэнтаў няшмат, і ўсе яны карыстаюцца адной і той жа архітэктурай — плятформай Google і яе нэўрасеткамі, наладжваючы іх пад свае задачы.
«Сфэра прымяненьня штучнага інтэлекту настолькі шырокая, што няшмат людзей дабралася да афтальмалёгіі. Мы адны зь першых, і нам проста пашчасьціла», — кажа Яраслаў.
Вядомых канкурэнтаў — чатыры, зь іх тры ў ЗША і адзін у Кітаі. Прадукт на рынку мае толькі адна кампанія, якая прыйшла ў галіну першай і атрымала сёлета сэртыфікаты ў ЗША і Эўропе.
Што такое фундус-камэра
Як будзе на практыцы выглядаць тэхналёгія, распрацаваная беларусамі?
Прылада для карыстальніка павінна быць такой жа зручнай і незаўважнай, як, напрыклад, смарт-гадзіньнік, што вымярае пульс, сон, лічыць крокі. Напрыклад, калі мабільны зможа сканаваць сятчатку вока франтальнай камэрай.
«Але ніводзін смартфон блізка яшчэ не падышоў. Хоць мы ўжо даведаліся пра цікавасьць да інтэграцыі тэхналёгіі ў аднаго з гігантаў мабільнай вытворчасьці. Мяркую, пры іхніх рэсурсах гэта будзе рэалізавана не пазьней, чым праз 3–5 год», — кажа Яраслаў.
А пакуль адмысловыя фундус-лінзы, якія можна ўсталяваць на любы мабільны, дарагія і нязручныя, хоць і таньнейшыя за прафэсійныя фундус-камэры. Таму пакуль тэхналёгія пасуе для сямейных лекараў ці для лекараў у такіх мясьцінах, дзе да бліжэйшага шпіталя шмат кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Робат будзе ў кожнай хаце». Як беларус стварыў кампанію па вытворчасьці «разумных» робатаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ураджэнец Ганцавічаў стаў адным з найлепшых польскіх мэраў і зрабіў з гораду казку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі праграміст прыдумаў тэхналёгію, каб спрасьціць сабе жыцьцё. І трапіў у Крэмніевую даліну