Пол Ален, які разам зь Білам Гейтсам заснаваў кампанію Microsoft, памёр 15 кастрычніка ў Сіэтле ад ускладненьняў, выкліканых ракам лімфатычнай сыстэмы, гаворыцца ў прэс-рэлізе заснаванай ім кампаніі Vulcan Inc. Яму было 65 гадоў.
У пачатку кастрычніка Пол Ален паведаміў, што ў яго знайшлі злаякасную пухліну — гэта быў рэцыдыў хваробы, ад якой ён вылекаваўся дзевяць гадоў таму.
Пол Ален нарадзіўся ў 1953-м годзе і зь дзяцінства захапляўся электронікай. У школе, на занятках па праграмаваньні, ён пазнаёміўся зь Білам Гейтсам. У 1975 годзе Ален разам з Гейтсам заснавалі карпарацыю Microsoft.
У 1983 Ален сышоў з кампаніі, пасьля таго, як лекары ўпершыню дыягнаставалі ў яго рак, захаваўшы за сабой частку акцый і месца ў радзе дырэктараў. Яму ўдалося перамагчы хваробу і ён заняўся інвэстыцыйным бізнэсам, укладваючы сродкі ў тэхналягічныя стартапы.
Ён заснаваў касьмічную транспартную кампанію Stratolaunch, інстытут дасьледаваньня штучнага інтэлекту, інстытут біянавук, ён быў уладальнікам прафэсійных баскетбольнай і футбольнай камандаў.
Forbes ацэньваў багацьце Алена ў больш чым 20 мільярдаў даляраў, 2 мільярды ён ахвяраваў на дабрачынныя мэты.