На сайце Petitions.by апублікаваныя адказы Міністэрства працы Беларусі на дзьве пэтыцыі, зьвязаныя з выходнымі днямі. Першая тычылася Дзядоў і 7 лістапада, другая — «дня ўзьяднаньня Беларусі».
Адна пэтыцыя, якую падпісалі 366 карыстальнікаў, тычылася 2 лістапада — Дня памяці продкаў.
У народзе гэтае старажытнае сьвята памінаньня памерлых называюць Дзяды. Да 1998 году 2 лістапада было ў Беларусі непрацоўным — нароўні з праваслаўнай Радаўніцай, якую адзначаюць увесну. Але ўказам ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных сьвятах, сьвяточных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень памяці продкаў быў прызнаны сьвяточным, аднак працоўным днём. Тады ж былі скасаваныя выходныя панядзелкі пасьля Вялікадня.
Пад блізкай па сэнсе пэтыцыяй зьбіралі подпісы ў мінулым годзе, але тады апарат Савету міністраў адмовіў каталікам у выходным на Дзяды, «каб не пакрыўдзіць атэістаў» (пры тым, што выходным ёсьць праваслаўная Радаўніца — у аўторак праз тыдзень па Вялікадні). Вернікі і ў гэтым годзе накіравалі падобныя звароты ў Савет міністраў: праз сайт Zvarot.by больш за 2500 чалавек зьвярнуліся з прапановай зрабіць выходнымі 1 і 2 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяды-2018: шэсьце па Менску і мітынг у Курапатах. ФОТА і ВІДЭАУ пэтыцыі з сайту Petitions.by прапаноўвалі ня проста зрабіць Дзяды выходным, а перанесьці выходны дзень на 2 лістапада зь 7 лістапада — Дня кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтую прапанову абгрунтавалі Канстытуцыяй Беларусі, якая забараняе ўсталёўваць у якасьці абавязковай нейкую ідэалёгію — а ў гэты дзень славяць ідэалёгію, якая прывяла да масавых рэпрэсіяў і забойстваў дзясяткаў тысячаў бязьвінных беларусаў.
На гэтую пэтыцыю першы намесьнік міністра працы Беларусі Андрэй Лабовіч даў азначэньне сьвяточнага дня, назваў колькасьць сьвятаў у Беларусі і зазанчыў, што Канстытуцыя прадугледжвае роўнасьць рэлігіяў: маўляў, яшчэ адзін непрацоўны дзень для вернікаў адной канфэсіі «можа выклікаць незадаволенасьць вернікаў іншых канфэсіяў». На тое, што ў ягоным пераліку рэлігійных сьвятаў праваслаўныя маюць больш выходных за каталікоў, ён не зьвярнуў увагі.
Таксама першы намесьнік міністра працы выказаўся ў абарону камуністычнага сьвята. Паводле яго, Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі «стала адным з самых значных падзей» (верагодна, памылка машыннага перакладу з расейскай на беларускую) ХХ стагодзьдзя.
«Гісторыя пацьвярджае значнасьць ідэалаў Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі — вызваленьне працоўных ад эксплюатацыі і прыгнёту, зацьвярджэньне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасьці, — піша Лабовіч бяз згадак пра эксплюатацыю, прыгнёт, рэпрэсіі і тэрор, што былі пасьля рэвалюцыі. — Дадзеныя прынцыпы закладзеныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А для каго-та гэта проста яшчэ адзін выходны, на працягу якога можна проста адпачыць або правесьці час зь сям’ёй».
«Дзень узьяднаньня Беларусі» — проста «не»
Яшчэ адна пэтыцыя, якую падпісалі 167 карыстальнікаў, тычылася 17 верасьня — дзень, калі ў 1939 годзе СССР уключыў у свой склад частку Польшчы, Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь (уключаныя, адпаведна, у склад УССР і БССР), якія Польшча раней уключыла ў свой склад па выніках Савецка-польскай вайны 1919–21 гадоў. У той час на Польшчу ўжо напала нацысцкая Нямеччына, зь якой саветы дамовіліся аб «сфэрах інтарэсаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму 17 верасьня ня стане нацыянальным сьвятам?На пэтыцыю той жа самы Лабовіч адказаў больш сьцісла: азначэньнем таго, што такое «дзяржаўнае сьвята» (сьвята, якое мае «асаблівае гістарычнае або грамадзка-палітычнае значэньне для Беларусі»), і пералікам колькасьці сьвятаў (5 дзяржаўных, 5 агульнарэспубліканскіх, 5 рэлігійных і 3 памятныя даты, непрацоўных дзён сумарна 9).
Улічваючы гэта, Лабовіч заключыў: «пытаньне аб увядзеньні дадатковых дзяржаўных сьвятаў у цяперашні час не разглядаецца».