Удзень 28 кастрычніка па Менску прайшло традыцыйнае шэсьце на Дзяды, дзень памяці продкаў. А 15-й гадзіне пачаўся мітынг у Курапатах — месцы забойства і пахаваньня дзясяткаў, калі ня соцень тысяч, рэпрэсаваных у канцы 1930-х.
Акцыю ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, яна санкцыянаваная менскімі ўладамі. Падобныя акцыі ладзяцца ўжо 30 гадоў. Хада пачалася апоўдні.
Свабода вяла жывую трансьляцыю зь відэаўключэньнямі. Паводле незалежных назіральнікаў ControlBY, у шэсьці ўзялі ўдзел каля 150 чалавек (паводле шэрагу СМІ, да 200 чалавек), прысутнічалі таксама каля 45 «людзей у цывільным» (імаверна, праваахоўнікаў), у небе лятаў чыйсьці бесьпілётнік. Шэсьце і мітынг прайшлі без здарэньняў.
У панядзелак, 29 кастрычніка, з 20-й да 24-й гадзіны ў Курапатах побач з 6-мэтровымі крыжамі, пастаўленымі сёлета з боку рэстарану «Поедем поедим», пачнецца вечарына памяці «Ноч расстраляных паэтаў». Яе ладзіць адзін з абаронцаў мэмарыялу ахвярам сталінізму Зьміцер Дашкевіч.
Што важна ведаць пра Дзяды
Абноўлена, 15:35. Каля паловы на 15-ю ў Курапатах пачаўся мітынг. Адказны сакратар КХП Алесь Чахольскі зачытаў на мітынгу зварот старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка.
Пазьняк піша, што на Курапаты «праходзіць чарговая атака» — так ён называе пабудову (прызнаную незаконнай) і працу рэстарацыі «Поедем поедим» пад самым курапацкім лесам. Таксама наступам на Курапаты ён называе ўстаноўку ўладамі «чужароднай канструкцыі пад выглядам помніка» – дзяржаўны мэмарыяльны знак, перакананы Пазьняк, разбурае вобраз народнага мэмарыялу. Ён засьцерагае: тэрыторыю вакол помніка могуць «перадаць на балянс нейкай ведамаснай арганізацыі, якая пачне тут гаспадарыць». Пазьняк прапанаваў склікаць народную канфэрэнцыю па абароне Курапатаў і падрыхтаваць звароты да UNESCO і суседніх краінаў наконт сытуацыі з мэмарыялам.
Чальцы КХП падалі таксама заяву на мітынг у Лошыцы ў наступную нядзелю, 4 лістапада — штогод на Дзяды там таксама адбываецца шэсьце да крыжа ў Лошыцкім парку і жалобны мітынг у Лошыцкім яры, яшчэ адным месцы пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Абноўлена, 13:30. А 16-й гадзіне абаронцы Курапатаў зьбіраюцца таксама зладзіць сход і абмеркаваць пратэст супраць рэстарацыі «Поедем поедим», расказаў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец. Шэраг абаронцаў Курапатаў выклікалі ў міліцыю на 29 кастрычніка — ёсьць ня толькі позвы па адміністрацыйных справах, але і крымінальных (у Севярынца, а таксама Зьмітра Дашкевіча і Ганны Шапуцькі). Ці супраць іх распачатая крымінальная справа, ці яны проста сьведкі, невядома. Паводле якога артыкулу крымінальная справа, таксама не пазначана.
Цяперашнія падзеі вакол Курапатаў — пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» і спрэчкі вакол дзяржаўнага памятнага знаку — збольшага ня зьменяць фармату і ідэі акцыі на Дзяды, але будуць згаданыя на мітынгу, расказваў Свабодзе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.
Напярэдадні акцыі дзярэаўныя «Белая Русь» і БРСМ правялі суботнік у Курапатах. Падчас суботніка лесьнікі сьпілавалі адзін з трохмэтровых крыжоў на ўваходзе ва ўрочышча. Супрацоўнікі лясгасу сказалі, што крыж зламаўся, і запэўнілі, што яго адновяць і паставяць на тое ж месца.
Рэстарацыя «Поедем поедим» у Курапатах закрываецца на Дзяды «з тэхнічнай прычыны».