Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матолька выступіў за забарону высадкі «чэзлых дубцоў», зьбірае подпісы


Жыхары пратэстуюць супраць высяканьня дрэваў у парку Чалюскінцаў, 21 чэрвеня
Жыхары пратэстуюць супраць высяканьня дрэваў у парку Чалюскінцаў, 21 чэрвеня

Актывіст патрабуе высаджваць у Менску адразу вялікія дрэвы, якія ня будуць так хутка гінуць ад «антрапагеннай нагрузкі».

На сайце Petitions.by пачаўся збор подпісаў за забарону высадкі дрэваў «ніжэйшай за 3-ю групу» (паводле азначэньня «Менскзелянбуду»). Пэтыцыю запусьціў актывіст і блогер Антон Матолька.

Уздоўж дарог, у дварах, у цэнтры гораду пры «замяшчальных пасадках» і азеляненьні пасьля будоўляў патрабуюць садзіць дрэвы з абхопам ствала, ня меншым за 25 см на вышыні 1,3 м. Таксама ў пэтыцыі просяць параўнаць мэтодыкі вырошчваньня дрэваў у дзяржаўных гадавальніках з эўрапейскімі практыкамі.

Менск, ілюстрацыйнае фота
Менск, ілюстрацыйнае фота

«Усе мы назіралі шмат гадоў, як „Зелянбуд“ высаджвае ў Менску чэзлыя дубцы вышынёй 1-2 мэтры, а потым робіць справаздачу: маўляў, у горадзе пасаджана 20-50-100 тысяч дрэваў, — пішуць у пэтыцыі. — На жаль, гэтыя „дубцы“, якія так горда называюць дрэвамі, часьцей за ўсё не вырастаюць, а гінуць ад высокай „антрапагеннай нагрузкі“, на якую сам жа „Зелянбуд“ і скардзіцца ў адказах на афіцыйныя запыты. Налета гісторыя паўтараецца. Кожны год такім чынам мясцовыя бюджэты страчваюць дзясяткі, калі ня сотні тысяч даляраў».

Сам Антон Матолька на Facebook піша, што на пэтыцыю, верагодна, «прыйдзе звычайная адпіска», але ён зьбіраецца займацца тэмай «да перамогі», бо «гэта трэба гораду, гэта трэба бюджэту, гэта трэба мне».

Год таму Аляксандар Лукашэнка абурыўся неабгрунтаваным высяканьнем дрэваў і канфліктамі з насельніцтвам, якія праз гэта ўзьнікаюць.

«Гэта вы ў сябе ў двары сьпілуйце векавых дрэў і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысьць?.. Трэба спыніць гэты разбой!» — казаў Лукашэнка год таму.

Матолька тады казаў Свабодзе, што яму «хацелася б верыць» у тое, што словы Лукашэнкі нешта зьменяць. Але высечка старых дрэваў і пасадкі замест іх таго, што актывіст называе «дубцамі», не спыніліся пасьля той заявы Лукашэнкі — як не спыніліся і канфлікты менчукоў зь «Зелянбудам».

Тым часам паркаў і сквэраў у Менску на 38% менш за норму. І дасягаць нормы не зьбіраюцца: трэба 21 м² зялёных зонаў на чалавека, цяпер 13 м², а ў плянах толькі давядзеньне паказьніка да 17,8 м².

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG