Біл Гейтс спыніў дапамогу фонду савудаўскага прынца пасьля забойства Хашокджы

Біл Гейтс на сустрэчы з савудаўскім прынцам Мухамэдам бэн Сальманам.

Фонд амэрыканскага мільярдэра Біла Гейтса перапыніў супрацоўніцтва з савудаўскай дабрачыннай арганізацыяй насьледнага прынца Мухамэда бэн Сальмана ў сувязі з забойствам журналіста Джамаля Хашокджы.

Гейтс плянаваў ахвяраваць на адну з дабрачынных ініцыятыў савудаўскага фонду 5 мільёнаў даляраў. Ініцыятыва была накіраваная на разьвіцьцё інавацый у сфэры адукацыі. Гейтс адзначыў, што сочыць за ходам расьсьледаваньня забойства Хашокджы і вельмі занепакоены гэтай сытуацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкая пракуратура: цела Хашогджы парэзалі на кавалкі

Джамал Хашокджы зайшоў на тэрыторыю савудаўскага кансуляту ў Стамбуле 2 кастрычніка і ня выйшаў назад. Праз тры тыдні савудаўскія ўлады прызналі, што ён загінуў.

Паводле першапачатковай вэрсіі, Хашокджы памёр у выпадковай бойцы з супрацоўнікамі кансуляту. Пасьля пракурор краіны заявіў, што забойства было наўмысным. Савудаўскае кіраўніцтва абвясьціла пра арышт 18 падазраваных, але адхіліла ўласнае дачыненьне да арганізацыі забойства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган: У забойстве журналіста ўдзельнічалі саудаўскія генэралы

Краіны Захаду ня лічаць Савудаўскую вэрсію дакладнай i падазраюць, што заказчыкі забойства Хашокджы могуць быць зьвязаныя з каралеўскай сям’ёй. У сувязі з гэтым заходнія лідэры дапусьцілі ўвядзеньне санкцый супраць Эр-Рыяду.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган са спасылкай на дадзеныя сьледзтва назваў забойства Хашокджы наўмысным і загадзя сплянаваным.