У сваёй апошняй калёнцы ў The Washington Post незадоўга да свайго зьнікненьня савудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы выступіў у абарону свабоды слова на Блізкім Усходзе.
«Арабскаму сьвету цяпер пагражае свой варыянт „Жалезнай заслоны“, навязаны ня зьнешнімі фактарамі, а мясцовымі сіламі, якія рвуцца да ўлады, — пісаў Хашокджы ў калёнцы, апублікаванай у чацьвер. — Падчас Халоднай вайны Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, якое з гадамі ператварылася ў важную інстытуцыю, адыгрывала істотную ролю ў разьвіцьці і захаваньні надзеі на свабоду. Арабам патрэбнае нешта падобнае».
Вядомы журналіст з Савудаўскай Арабіі і крытык уладаў краіны Джамаль Хашокджы 2 кастрычніка зайшоў у консульства СА ў Турэччыне і зьнік. Турэцкія СМІ сьцьвярджаюць, што яго там катавалі і забілі. Каралеўства сваё дачыненьне адмаўляе, а Захад патрабуе расьсьледаваньня і пагражае санкцыямі.
Турэцкая паліцыя шукае парэшткі зьніклага бязь вестак савудаўскага журналіста ў лесе ў ваколіцах Стамбулу, а таксама ў адным з гарадоў на ўзьбярэжжы Мармуровага мора, паведамляе Reuters са спасылкай на шэраг афіцыйных крыніцаў.
Сьледчыя таксама выявілі «мноства сьлядоў» пасьля ператрусаў, праведзеных у будынку консульства і ў рэзыдэнцыі консула Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Турэцкія ўлады пашырылі геаграфію пошукаў цела Хашокджы пасьля больш грунтоўнага вывучэньня маршрутаў і прыпынкаў аўтамабіляў, якія выяжджалі з тэрыторыі савудаўскага консульства 2 кастрычніка ў дзень зьнікненьня журналіста. Забойцы Хашокджы маглі пахаваць яго парэшткі ў найбуйнейшым стамбульскім лесапарку — Бялградзкім лесе. Яшчэ пошукі астанкаў вядуцца ў вёсцы побач з курортным горадам Ялова, за 90 км на поўдзень ад Стамбулу.