Намесьнік кіраўніка кіроўнай партыі Турэччыны паабяцаў раскрыць «усю праўду» пра забойства журналіста Джамаля Хашокджы. «Турэччына не дазволіць гэта схаваць», — заявіў былы віцэ-прэм’ер краіны Нуман Куртулмуш.
Словы Куртулмуша цытуе агенцтва Associated Press.
Партыйны лідэр паабяцаў раскрыць дэталі расьсьледаваньня сьмерці Хашокджы, якое вядзе турэцкая паліцыя.
Заява Куртулмуша прагучала пасьля таго як улады Савудаўскай Арабіі прызналі сьмерць апазыцыйнага журналіста Хашокджы ў савудаўскім кансуляце ў Стамбуле.
У ноч на суботу дзяржаўны пракурор Савудаўскай Арабіі заявіў, што Хашокджы загінуў у бойцы ў кансуляце каралеўства ў Стамбуле. 18 падданых каралеўства затрыманыя паводле падазрэньня ў датычнасьці да злачынства.
Двое высокапастаўленых дарадцаў насьледнага прынца звольненыя са сваіх пасадаў. Адзін зь іх — намесьнік кіраўніка выведкі, генэрал-маёр Ахмэд аль-Асыры. Яго, паводле дадзеных The New York Times, улады краіны гатовыя былі назваць вінаватым у забойстве журналіста.
Апазыцыйны савудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы зьнік 2 кастрычніка, пасьля таго як увайшоў у будынак кансуляту Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Турэцкія сьледчыя мяркуюць, што Хашокджы быў забіты на тэрыторыі кансуляту. У распараджэньні ўладаў краіны аказаўся аўдыёзапіс, на якім чуваць, як прыбылыя ў Стамбул савудаўцы дапытвалі Хашокджы на тэрыторыі кансуляту, затым закатавалі яго да сьмерці і расчлянілі яго цела.
Гібель Хашокджы выклікала дыпляматычны скандал. У краінах Эўразьвязу і ЗША абмяркоўваюцца магчымыя санкцыі супраць Савудаўскай Арабіі пасьля зьнікненьня журналіста. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абяцаў пакараць Эр-Рыяд, калі высьветліцца, што за забойства Хашокджы адказныя ўлады каралеўства.
Афіцыйныя тлумачэньні ўладаў Савудаўскай Арабіі Трамп назваў «годным даверу». «Мы ня скончылі наша расьсьледаваньне, — заявіў прэзыдэнт ЗША, але я думаю гэта [заява] важны першы крок», цытуе Трампа агенцтва AFP.