Турэцкія сьледчыя 17 кастрычніка праводзяць ператрус у рэзыдэнцыі генэральнага консула Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле, паведамляе турэцкае выданьне Hurriyet. Улады Турэччыны спадзяюцца знайсьці ў будынку доказы ў справе аб зьнікненьні журналіста Джамаля Хашокджы.
Савудаўскі апазыцыйны журналіст, які супрацоўнічаў з амэрыканскай газэтай Washington Post, зьнік 2 кастрычніка пасьля наведваньня саведаўскага консульства ў Стамбуле. Улады Турэччыны падазраюць, што ён мог быць забіты на тэрыторыі консульства і пахаваны ў двары дома консула.
Хашокджы ўцёк з Савудаўскай Арабіі і атрымаў від на жыхарства ў ЗША. У сваіх публікацыях ён выступаў супраць палітыкі Эр-Рыяду. Консульства ён наведаў, каб атрымаць дакумэнты аб разводзе. Турэцкая газэта Yeni Safak паведаміла, што ў яе ёсьць аўдыёзапіс допыту і катаваньняў журналіста на тэрыторыі консульства. На адным зь іх савудаўскі консул Мухамэд Ібрагім аль-Утэйбі просіць катаваць Хашокджы па-за межамі дыппрадстаўніцтва, каб «не ствараць яму праблемаў», цытуе газэту Associated Press.
Газета The New York Times паведаміла, што пяцёра падазраваных у справе аб зьнікненьні журналіста могуць быць зьвязаныя з насьледным прынцам Савудаўскай Арабіі Мухамэдам бін Салманам Аль Савудам.
Паводле дадзеных выданьня, адзін зь фігурантаў расьсьледаваньня турэцкай паліцыі, Махэр Абдулазіз Мутрэб, часта знаходзіўся побач з прынцам падчас яго міжнародных візытаў. Яшчэ трое падазраваных, згодна з дадзенымі газэты, зьвязаныя з аховай прынца; пяты падазраваны — судовы лекар зь Міністэрства аховы здароўя Савудаўскай Арабіі.