У Гомлі прайшоў канцэрт вядомага расейскага пісьменьніка і публіцыста Віктара Шэндэровіча. 16 гадоў ён лічыўся ў Беларусі непажаданым госьцем. Летась улады яго «разбанілі». Сёлета зноў дазволілі выступіць, потым перадумалі, пасьля далі дабро на канцэрты ў Гомлі і Менску.
Трапіла і я на канцэрт.
Каб дасягнуць дзэну, майстры раяць пазбавіцца ацэначных меркаваньняў. Таму пішу так: была на тым канцэрце. Ні на жаль, ні на шчасьце, ні на сьмех, ні на сьлёзы.
Квіткі каштавалі 38–48 рублёў. Чым бліжэй да сцэны, тым даражэй. Перад канцэртам можна было набыць апошнюю кнігу 60-гадовага юбіляра «Я сам сябе аднойчы прыдумаў» — 35 рублёў. Людзі пераймаліся, што кніга была запакаваная ў цэляфан і яе нельга было пагартаць. Вагаліся, але набывалі. Ня ўсе.
Пры ўваходзе ў залю да мяне прычапіліся мажныя мужчыны. Ім не спадабаўся памер майго фотаапарату — завялікі. Цікавіліся — для чаго я зьбіраюся рабіць здымкі? Пачулі пра недзяржаўнае выданьне, пакрывіліся, пайшлі раіцца з аховай публіцыста. «Так, здымаць толькі зь месца, без успышкі, па залі не хадзіць, і толькі першыя дзесяць хвілін, зразумела?» — сурова зазірнулі ў вочы. Хацелася агрызнуцца, што за сорак рублёў я мусіла б мець права здымаць нават лежачы на сцэне, але ў іх былі такія твары, што мне давялося, каб прывесьці сусьвет у раўнавагу, усьміхацца, як блазан («як» тут эўфэмізм) і абяцаць выканаць усе інструкцыі.
Людзей у залі было няшмат. Добра, калі адна траціна месцаў была занятая (перабольшваньне, камплімэнт). Напэўна, адна чацьвёртая (падобна да праўды). Асноўны кантынгент — 50–60 гадоў. Маладых было вобмаль. Быў адзін адвакат. Быў адзін апэратар дзяржаўнага тэлебачаньня, які заўсёды ўсюды ходзіць, нястомна здымае — акцыі, апазыцыю, пікеты, але ніколі гэтага не паказвае па тэлевізары. Быў адзін апазыцыянэр. Бачыла аднаго прадпрымальніка. Астатніх ня ведаю.
2/3 публікі занялі апошнія «танныя» шэрагі. У тым ліку і я. Да пачатку канцэрту заставалася пяць хвілін. Першыя шэрагі практычна пуставалі. Людзі з задніх шэрагаў узгадалі словы Хрыста і рванулі наперад, як па камандзе. Памятаеце? Хто быў апошні — стане першым. Займайце апошнія шэрагі, і тады вас папросяць на першыя. Тут не прасілі, але ясна — калі пуста сьпераду, то чаго цярпець ззаду, выцягваць гусакамі шыі і ўглядацца падсьлепаватымі вачыма — што там дзеецца на сцэне. «А што — так можна? У нас жа танныя месцы?» — крыкнула я ў сьпіны гледачоў. «Чаму не? Калі згоняць — вернемся на свае месцы», — патлумачылі людзі. Яны сьціпла занялі 5–6 шэрагі. Дзьве кабеты вагаліся — сесьці ў пяты ці шосты. Адна адчайна прапанавала: «А давай на першы!» — «Не, ну гэта ўжо будзе лішне нахабна!» Селі ў трэці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы мой жывы эфір быў з Дзьмітрыем Кісялёвым, — ШэндэровічЛюдзі, якія набылі «дарагія» квіткі ў 4–6 шэраг, моўчкі і пахмурна назіралі за інтэрвэнцыяй уладальнікаў танных квіткоў, палічылі сябе пакрыўджанымі і дзеля сатысфакцыі перабраліся ў 2–3 шэраг.
Анонс канцэрту абяцаў «самае лепшае і цікавае», заклікаў прыйсьці «аматараў актуальнай сатыры і вострага гумару», «тых, хто любіць слухаць развагі па-сапраўднаму інтэлігентнага чалавека».
Выйшаў Шэндэровіч. Не пахваліў Гомель за новую плітку з вышыванкай (можа, ня бачыў), за наш нацыянальны брэнд — чысьціню і парадак. Не падзяляе, мабыць, нашы традыцыйныя каштоўнасьці. Лібэрал, відаць.
Адразу папярэдзіў: заяўленай актуальнай палітычнай сатыры ня будзе: «Можна падумаць, што я толькі і хачу ўзяць каго за руку і пагаварыць пра Пуціна. Не. У нас сёньня літаратурны вечар». Палітычная сатыра, што там крывіць душой, была. Але не актуальная. Чарнамырдзін. Брэжнеў. Андропаў. Выступоўца пераключыўся на ўспаміны пра савецкае войска, пра сваё шматпакутнае апавяданьне «Апосум».
Потым пераключыўся на ўрыўкі са сваіх кніг «22-ой троллейбус...», «Изюм из булки».
Распавядаў пра артыстаў савецкай і расейскай эстрады, тэатру, кіно, рэжысэраў, кампазытараў, паэтаў. Дзяржавін, Міхалкоў, Герт. Шастаковіч, Растраповіч. Пушкін, Цютчаў. Нагадаў пра 70-я. Пра Брэжнева, Андропава, Чарненку. Пра эміграцыю габрэяў. Пра 80-я, 90-я. Рэкет, «чырвоныя пінжакі». Раз-пораз у залі раздаваўся сьмех. Людзі ўзростам 50–60+ нібыта на машыне часу перанесьліся ў маладосьць, на дысыдэнцкія кухні, і ўволю рагаталі з генсекаў. Праўда, даўно мёртвых. Цяпер за сьмех з кіраўнікоў «вялікай краіны» нічога не пагражае.
Мяне рэдакцыя запраграмавала рэагаваць на словы «Пуцін, Лукашэнка, Беларусь, Украіна, Данбас, Крым, апошнія дні, нам усім хана». Два разы я падскочыла, калі мне пачулася «Пуцін». Ай, не. Гэта пра Пушкіна. Вось, зноў! Не, Пушкін.
ВВП усё ж зьявіўся. У байцы «Пуцін і каала». Нарэшце! Схапілася за тэлефон — пісаць тэрмінова ў рэдакцыю пра Пуціна, каалу і расейскі народ, падобны да аўстралійскага сумчатага. Гляну-ка я ў Google. Ага... Сёньня застануся без ганарару. Жарт пра каалу народжаны ў 2014 годзе, паўтораны з усіх сцэн у 2015, 2016, 2017-м. Ёсьць відэа, фота, тэксты, рэпартажы, інтэрвію, камэнтары — сто пяцьдзясят спасылак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэндэровіч заявіў, што ягоны скасаваны выступ у Менску дазволілі «па адмашцы зь Віскулёў»Зьлева і справа сцэны ўвесь канцэрт моўчкі сурова прыглядалі за гледачамі ахоўнікі выступоўцы. Іх змрочныя твары квітнелі ўсьмешкамі толькі тады, калі са сцэны гучала брудная лаянка (папраўдзе, матаў было няшмат — пяць-шэсьць за выступ, столькі разоў і ўсьміхнуліся ахоўнікі. Адзін нават засьмяяўся).
Канцэрт скончыўся вершам «Баллада об авокадо».
Гледачы накідалі на стол выступоўцы запісак. Напэўна, хацелі пачуць сатыру і гумар на актуальныя тэмы. Але публіцыст сыходзіў. Публіка сабралася пад сцэнай і крычала: «А як жа запіскі? Адкажыце на запіскі!». «Я ня буду адказваць на запіскі, прабачце, у нас сёньня іншы фармат. Адказы на запіскі не прадугледжаныя. Адкажу наступным разам», — патлумачыў Віктар Шэндэровіч. «А наступным разам вы адзін прыедзеце сюды ці зь „ветлівымі людзьмі“?» — запытаўся сівы імпазантны мужчына зь першага шэрагу. Публіцыст не адрэагаваў. «Можна пытаньне? Адно!» — закрычала і я, учапіўшыся рукамі ў сцэну. «Не, такое не прадугледжана фарматам», — адрэзаў выступоўца.
Людзі не разыходзіліся. Выйшла супрацоўніца Гарадзкога цэнтру культуры. «Пакіньце залю! У нас заўтра дзіцячы канцэрт а дзясятай!» — сурова загадала яна. Людзі моўчкі пацягнуліся да выхаду.
«Пра Лукашэнку нічога не сказаў. Напэўна, яму забаранілі. Паставілі такую ўмову, або не далі б выступіць», — расчаравана сказаў знаёмы.
«Гэта ўсё можна прачытаць у інтэрнэце, нічога новага», — працягнуў другі.
«А я не шкадую, ён мой кумір!» — з выклікам адрэагавала жанчына, прыціскаючы да грудзей кнігу за 35 рублёў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.