Забойства баўгарскай журналісткі Вікторыі Марынавай, магчыма, не зьвязанае зь яе прафэсійнай дзейнасьцю. Пра гэта ў сераду заявіў генэральны пракурор Баўгарыі Сотыр Цацараў, перадае тэлеканал Nova.
Выяўленыя доказы сьведчаць пра спантанны напад у стане алькагольнага ап’яненьня з мэтай згвалтаваньня, адзначыў Цацараў, падкрэсьліўшы, што сьледзтва працягвае разглядаць і іншыя вэрсіі.
21-гадовы Сэвэрын Красіміраў быў затрыманы напярэдадні ў Нямеччыне паводле падазрэньня ў забойстве Вікторыі Марынавай. Паводле дадзеных сьледсзтва, ён прыехаў у Нямеччыну з баўгарскага гораду Русэ, дзе раней было знойдзена цела журналісткі. Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Сафіі міністар унутраных справаў Баўгарыі Младлен Марынаў. Паводле яго, сьледзтва мае дастатковую колькасьць доказаў, якія сьведчаць пра сувязь Красімірава зь месцам злачынства і ахвярай. Раней паведамлялася, што ДНК затрыманага супаў зь біялягічным матэрыялам, знойдзеным на месцы злачынства. У 2007 годзе Красіміраў быў суджаны за крадзеж каляровых мэталаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баўгарыі расьследуюць забойства журналісткі-дасьледніцыПра забойства дырэктара і вядучай каналу TVN 30-гадовай Вікторыі Марынавай стала вядома 7 кастрычніка. Яе цела разам з рэчамі і аўтамабілем было выяўлена на поўначы Баўгарыі ў яе родным горадзе Русэ. Апошняй тэмай, над якой яна працавала, быў скандал вакол крадзяжу сродкаў фондаў Эўрапейскага зьвязу.
Гэта ўжо трэцяе за год забойства журналіста-расьсьледніка ў ЭЗ. У кастрычніку летась на Мальце была забітая журналістка Дафнэ Каруана Галісія. У лютым гэтага года ў Славакіі забілі журналіста Яна Куцыяка зь нявестай.