У Нямеччыне затрыманы падазраваны па справе аб забойстве баўгарскай журналісткі Вікторыі Марынавай. Пра гэта паведамляе тэлеканал Nova са спасылкай на крыніцы.
ДНК падазраванага супаў з ўзорамі, выяўленымі на рэчыўных доказах. Жыхары баўгарскага горада Русе распавялі, што пазналі затрыманага. Ім аказаўся 21-гадовы Севярын Красіміраў. Баўгарская паліцыя ўжо затрымала ягоную жонку і цётку.
У сваю чаргу, прыватны тэлеканал bTV са спасылкай на крыніцы перадаў, што ў кватэры затрыманага быў знойдзены мабільны тэлефон Вікторыі Марынавай. Паводле дадзеных баўгарскіх СМІ, Красіміраў яшчэ 7 кастрычніка зьбеў у Нямеччыну, дзе жыве яго маці.
Пацьверджаньня гэтых зьвестак з афіцыйных крыніц пакуль няма.
Пра забойства дырэктара і вядучай каналу TVN 30-гадовай Вікторыі Марынавай стала вядома 7 кастрычніка. Яе цела разам з рэчамі і аўтамабілем было знойдзена на поўначы Баўгарыі ў яе родным горадзе Русе. Апошняй тэмай, над якой яна працавала, быў скандал вакол крадзяжу сродкаў фондаў Эўрапейскага Зьвязу.
Раней па справе аб забойстве Марынавай быў затрыманы грамадзянін Румыніі ўкраінскага паходжаньня. Пазьней яго адпусьцілі.
Гэта ўжо трэцяе за год забойства журналіста-дасьледчыка ў Эўразьвязе. У кастрычніку мінулага году на Мальце была забітая журналістка Дафнэ Каруана Галісія. У лютым гэтага году ў Славаччыне забілі журналіста Яна Куцыяка зь нявестай.