Для «пілётнага» перакладу фільмаў — на першы час — трэба сабраць 2200 рублёў. Калі ўсё пойдзе добра, далейшыя зборы грошай могуць не спатрэбіцца.
На сайце Talaka.by пачаўся збор грошай на праект рэгулярнага перакладу новых фільмаў, мультфільмаў і сэрыялаў на беларускую мову. Фільмы зь беларускай агучкай ад студыі Gavarun_by плянуюць паказваць у інтэрнэт-кінатэатры Megogo.net.
За ахвяраваньні ў 300–400 рублёў прапануюць агучку відэароліка працягласьцю да хвіліны, за 500–700 рублёў — агучка кароткага роліка і магчымасьць самому ахвяравальніку паўдзельнічаць у агучцы кароткамэтражнага фільма, за 1000 рублёў і болей — у дадатак да таго званьне генэральнага спонсара. Можна рабіць і меншыя ахвяраваньні, за якія абяцаюць проста падзяку.
Чаму грошы зьбіраюць для сайта, дзе фільмы прадаюць
Анлайн-кінатэатар Megogo працуе ў 15 краінах былога СССР, галоўны офіс кампаніі — ва Ўкраіне. Цэлы шэраг фільмаў на Megogo ужо можна паглядзець на беларускай мове: 19 бясплатных і 15 платных паводле падпіскі.
Агулам жа шэсьць тысячаў фільмаў на Megogo бясплатныя, яшчэ дзьве тысячы даступныя паводле падпіскі за 5,9 рубля на месяц (пробны месяц — 19 капеек). Навінкі, якіх каля тысячы, можна купіць і пераглядаць неабмежаваную колькасьць разоў па цэнах ад 6,9 рубля (SD-якасьць) або ад 10,9 рубля (HD).
Сутнасьць праекту Gavarun_by у тым, што грошы зьбіраюцца не на ліцэнзіяваньне адзінкавых фільмаў (што было бы дорага) або разавы пераклад, а на пробную агучку для кампаніі, якая ўжо мае патрэбныя ліцэнзіі. Надалей, калі праект будзе пасьпяховым і прынясе прыбытак анлайн-кінатэатру, збор грошай на новыя фільмы можа і не спатрэбіцца.
Як кажа Свабодзе кіраўнік студыі Gavarun_by Павал Бычкоў, пакуль у Megogo і іншых плятформах ня вераць, што стварэньне беларускіх лякалізацыяў можа акупіцца — таму і зьбіраюцца грошы на «пілётны» праект, які можа даказаць запатрабаванасьць кіно па-беларуску.
Хочам, каб была магчымасьць глядзець навінкі адразу па-беларуску
Фільмы па-беларуску ўжо ёсьць у інтэрнэце — напрыклад, існуе праект Cinevoka ў анлайн-кінатэатры кампаніі velcom, дзе паказваюцца стужкі зь перакладам ад студыяў Gavarun_by і «Кінаконг». Але Бычкоў адзначае, што цяпер па-беларуску ў інтэрнэце ёсьць збольшага фільмы, якія ўжо недзе паказваліся, якія ёсьць у тым ліку на пірацкіх рэсурсах.
«Такі кантэнт ужо меней цікавы для публікі, а большасьць аўдыторыі прагне глядзець навінкі, папулярныя і рэйтынгавыя, — разважае ён. — Мы хочам, каб была магчымасьць глядзець іх адразу па-беларуску, каб не прыйшлося іх пераглядаць, калі ўжо паглядзеў на іншай мове. А такіх рэсурсаў, якія выпускаюць актуальны кантэнт, цяпер няма».
Грошы зьбіраюцца, кажа ён, каб стала магчымай менавіта рэгулярная агучка і клясычных фільмаў, і навінак, даступных на легальным рэсурсе.
Што перакладуць
Цягам тыдня пасьля завяршэньня збору грошай студыя Gavarun_by зьбіраецца выдаць беларускія агучкі для фільмаў «Нябачны госьць» (Contratiempo) і «Мэраўбоўн» (Marrowbone) — праца над агучкай ужо ідзе.
Далей, калі праект будзе пасьпяховым, студыя хоча агучваць навінкі і старыя папулярныя фільмы без абмежаваньня па жанрах. Што менавіта перакладаць, плянуюць вырашаць праз галасаваньні на старонках стужыі ў сацсетках.
Адзінае абмежаваньне — яны пакуль ня могуць агучваць стужкі кампаніяў Disney, Warner, Fox, Sony і Paramount, бо для гэтага трэба быць аўтарызаванай студыяй агучкі. Фільмы іншых студыяў яны змогуць вольна агучваць для Megogo.
Як прыклады прыводзіцца магчымасьць агучкі стужак «Ветраная рака» (Wind River, 2017), «Стрэл у пустэчы» (Shot Caller, 2017), «Зямля: Адзін надзвычайны дзень» (Earth: One Amazing Day, 2018), «Месца сустрэчы» (The Place, 2018), «Гэта чортава сэрца» (Dieses bescheuerte Herz, 2018), «Палаючы» (Burning, 2018), «Леў» (Lion, 2017), «Нябачны госьць» (Contratiempo, 2018), «Толькі адважныя» (Only the Brave, 2017), «Падынгтан 2» (Paddington 2, 2018), «Цуд» (Wonder, 2017), «Гульня Молі» (Mollyʼs Game, 2018). Некаторыя з перакладзеных фільмаў могуць стаць даступнымі для бясплатнага прагляду.
***
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умяшаньне ў творчую задуму»: новы міністар культуры засумняваўся, ці варта перакладаць кіно на беларускуюСтудыя Gavarun_by займаецца двухгалосным агучваньнем фільмаў па-беларуску ўжо амаль два гады, за гэты час былі перакладзеныя 15 поўнамэтражных фільмаў і чатыры дзясяткі кароткамэтражных — у тым ліку паўтары гадзіны мультфільмаў пра Мікі Маўса.