Карціну Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер», якая расказвае гісторыю авіяканструктара Дзіра Харыкосі, пакажуць 28 і 29 ліпеня ў кінатэатрах «Масква» і Velcom Cinema.
Пра што фільм
Хаяо Міядзакі — аўтар вядомых фэнтэзійных фільмаў «Хадзячы замак», «Скрадзеныя прывідамі», «Прынцэса Мананоке». Нягледзячы на пазнавальнасьць творчага почырку майстра, сюжэтна і ідэйна «Падымаецца вецер» заўважна адрозьніваецца ад астатніх прац. Анімацыя заснаваная на падзеях з жыцьця японскага авіяканструктара Дзіра Харыкосі, які стаў вынаходнікам вядомых японскіх зьнішчальнікаў, і яго каханьні да хворай на сухоты дзяўчыны Наомі.
Акрамя лёсу вынаходніка Харыкосі, яшчэ адной асновай для фільму паслужыла біяграфія самога Міядзакі: у некаторых пэрсанажах можна пазнаць ягоных бацькоў, а адлюстраваны ў фільме сьвет — гэта сьвет іхнае маладосьці.
Галоўны герой, Дзіра Харыкосі — летуценьнік, як і сам Міядзакі: вядома, што перш чым пайсьці ў мультыплікацыю, ён марыў стаць авіяканструктарам.
У аснове сюжэту таксама ляжыць апавяданьне пісьменьніка Тацуо Хоры «Падымаецца вецер» і верш францускага паэта Поля Валеры «Могілкі каля мора».
На беларускую мову фільм перакладзены праектам «Беларускія ўікэнды» кампаніі «Кінаконг» пры падтрымцы Velcom.
Ужо ня першая стужка Міядзакі, агучаная па-беларуску
Упершыню «Падымаецца вецер» паказалі на Вэнэцыянскім кінафэстывалі ў 2013 годзе. Стужка атрымала прэмію Грамады кінакрытыкаў Нью-Ёрку і прэмію Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША за найлепшы мультфільм году, трапіла ў намінацыі прэмій «Оскар» (2014) і «Залаты глёбус» (2014).
Перад фільмам «Падымаецца вецер» Хаяо Міядзакі выпусьціў стужку «Рыбка Поньё», якая таксама была прадстаўлена на беларускай мове ў межах праекту «Беларускія ўікэнды».