5–10 лістапада Беларусь будзе прадстаўленая на выставе China International Import Expo ў Шанхаі, — паведаміў 4 кастрычніка журналістам начальнік упраўленьня Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных справаў Беларусі Сяргей Цярэнцеў.
Ён патлумачыў, што выстава мае дзьве адметнасьці. Па-першае, яна пройдзе ў найбуйнейшым у сьвеце выставачным комплексе агульнай плошчай каля 1,5 мільёна квадратных мэтраў. Па-другое, гэта выстава толькі імпартных тавараў і паслугаў.
«А паколькі ў гандлёвым балянсе Беларусі і Кітаю мы ў даволі значным мінусе, то гэтую выставу мы разглядаем як новую магчымасьць пашырыць прысутнасьць на кітайскім рынку», — падкрэсьліў чыноўнік.
Ён дадаў, што з увагі на важнасьць экспазыцыі ў Менску правялі два яе «прагоны». На іх запрасілі кітайскіх экспэртаў, якія падказалі, што трэба скарэктаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль перамовы з МВФ замарожаныя, Беларусь чакае грошай з Масквы і ПэкінуНепасрэдна арганізуе беларускую экспазыцыю Нацыянальны цэнтар маркетынгу. Ягоны дырэктар амбасадар Валер Садоха сказаў, што памер беларускага павільёну 136 квадратных мэтраў, а агульная экспазыцыйная плошча беларускіх стэндаў складзе 778 квадратных мэтраў. На іх прэзэнтуюцца болей за 80 прадпрыемстваў.
«Нават калі мы зоймем меней за 1% кітайскага рынку, то і гэта будзе посьпех, зважаючы на яго каласальныя памеры», — падкрэсьліў спадар Садоха.
Арэнда аднаго квадратнага мэтру на China International Import Expo каштуе ад 200 да 350 эўраў.
Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў да 2020 году павялічыць беларускі экспарт у Кітай да 1,5 мільярда даляраў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за першыя сем месяцаў сёлета Беларусь прадала ў Кітай тавараў на 241 мільён даляраў. За гэты час беларускі дэфіцыт у агульным балянсе гандлю таварамі склаў ажно 1 мільярд 488 мільёнаў даляраў.