Пуцін назваў Скрыпаля «здраднікам радзімы» і «падонкам»

Сяргей Скрыпаль у расейскім судзе. 2006 год.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў былога супрацоўніка ГРУ і агента брытанскай выведкі Сяргея Скрыпаля «здраднікам радзімы» і «падонкам».

Пуцін падчас дыскусіі на энэргетычным форуме ў Маскве ў сераду адказаў на пытаньне пра санкцыі ў сувязі з замахам на Скрыпаля ў горадзе Солсбэры, у якім брытанскія ўлады абвінавачваюць Расею.

«Некаторыя называюць Скрыпаля ледзь не праваабаронцам. Ён проста шпіён, здраднік радзімы», — сказаў прэзыдэнт Расеі. Яго словы выклікалі ў зале аплядысмэнты.

Паводле словаў пуціна, «шпіёнскі скандал» вакол атручэньня Скрыпаля і яго дачкі Юлія «штучна разьдзімаецца».

Адказваючы на пытанне аб атручэньні Скрыпаля, Пуцін зноў адхіліў абвінавачваньні ў датычнасьці Расеі да яго. «Прыехалі нейкія мужыкі і пачалі цкаваць бамжоў у Брытаніі? Гэта што за трызьненьне?» — сказаў Пуцін, маючы на ўвазе, відавочна, сьмерць брытанскай грамадзянкі Дон Стэрджэс ў выніку ўзьдзеяньня атруты «Навічок» у Солсбэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чапіга-«Башыраў» стаў «Героем Расеі» за эвакуацыю Януковіча, — расьсьледаваньне

Сьледзтва ў Брытаніі лічыць, што агенты расейскай вайсковай выведкі выкарыстоўвалі «Навічок» для атручваньня Скрыпаля. Раней Пуцін называў людзей, якіх брытанская паліцыя ідэнтыфікуе як «Аляксандр Пятроў» і «Руслан Башыраў» і датычных, на думку сьледзтва, да замаху на Скрыпаля, «грамадзянскімі асобамі», у дзеяньнях якіх «няма крыміналу».

У розных журналісцкіх расьсьледаваньнях, аднак, ёсьць інфармацыя пра тое, што гэтыя людзі маглі зьяўляцца супрацоўнікамі расійскай вайсковай выведкі. Група Bellingcat, у прыватнасьці, прадугледжвае, што пад імем Башырава хаваўся расейскі палкоўнік Анатоль Чапіга.