Алана Пола Сміта вызвалілі ранкам 29 верасьня з ІК-3 «ВІцьба». Ён дастаўлены ў Нацыянальны аэрапорт Менск і мае вылецець у Варшаву, а адтуль у Лёндан.
«Я скочу за ім у полымя. Алан ведае, што я зраблю для яго ўсё. Такім мусіць быць каханьне», — Магдалена Валынска, жонка брытанца Алана Сміта, які два гады адседзеў у беларускай калёніі, дачакалася ягонага вызваленьня.
Полька Магдалена і курд Алан сустрэліся 11 гадоў таму ў Гданьску.
«З таго моманту мы разам, — распавядае Магдалена. — Пяць гадоў пражылі ў Курдыстане (маецца на ўвазе тэрыторыя пражываньня курдаў. — РС), заснавалі там кампанію. Але пасьля пераехалі ў Лёндан і жылі звычайным жыцьцём. Мы ня бачыліся два гады, але рабілі ўсё, каб дапамагчы адно аднаму».
Магдалена Валынска вядзе ў «Фэйсбуку» групу «Support for Alan», якая стала суполкай падтрымкі зьняволеных у Беларусі іншаземцаў. Два гады ў Беларусі сталі кашмарам для яе сям’і, кажа Магдалена. Яна перакананая, што ва ўладаў Беларусі не было аніякіх падставаў арыштоўваць яе мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Брытанец незаконна цярпіць катаваньні ў беларускай турме», — праваабаронца
«Уся справа была падстроеная»
«Сьледзтва выставіла супраць яго больш за 30 абвінавачаньняў, і ніводнае зь іх не было сапраўдным. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён быў галоўным арганізатарам злачыннага каналу (міграцыі. — РС). У судзе былі яшчэ два чалавекі, якіх абвінавачвалі ў той жа справе. Яны ўпершыню пабачылі адзін аднаго ў залі суду. Гэта выглядала, як камэдыя, — расказвае Магдалена. — Адукаваны чалавек з Брытаніі, які мае ступень магістра і скончыў PhD, сядзіць у адной клетцы з двума беларускімі цыганамі, якія ня скончылі, я думаю, 6 клясаў школы і раней ужо былі арыштаваныя».
Магдалена кажа, што за некалькі месяцаў суду пракурор не задаў Алану ніводнага пытаньня. Адмовілі таксама ў хадайніцтве апытаць праз скайп курдзкую сям’ю, празь дзеяньні якой Сміт трапіў за краты.
«Гэта жанчына ў інвалідным вазку і яе сям’я, — тлумачыць Магдалена. — Яна папярэдне прасіла нас пра дапамогу. Нашая кампанія Курдзкі Эўрапейскі бізнэс-Цэнтар дапамагае людзям зь Блізкага і Сярэдняга Ўсходу атрымаць мэдыцынскую дапамогу. Мы кансультацыйная кампанія. Таксама мы дапамагаем у кантактах паміж эўрапейскімі і ўсходнімі бізнэсоўцамі. Жанчына зьвярнулася да нас, сказала, што ў яе ёсьць віза ў Беларусь і спытала, ці мы можам дапамагчы ёй атрымаць тут мэдыцынскую дапамогу. Мы пагадзіліся, і гэта абярнулася кашмарам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія СМІ зноў нагадалі пра лёс брытанца Алана Сьміта, што сядзіць у беларускай калёніі«Я лічу, што ўся гэтая справа была падстроеная, — кажа Магдалена. — Ня бачу аніякай прычыны для арышту Алана. Я была шакаваная прысудам. Я ня ведаю, чаму яны вырашылі пасадзіць яго ў турму».
У зьняволеньні Алан паведамляў жонцы пра іншых іншаземцаў, якія трапілі ў Беларусі за краты. «Француз Жалян Віё ці Аляксандар Лапшын, Даічы Ёшыда — так шмат іншаземцаў, якіх Беларусь пасадзіла за краты. Цяпер італьянец, які даваў урокі італьянскай мовы, знаходзіцца ў турме, — распавядае Магда. — Я завяла старонку ў „Фэйсбуку“ і хачу зрабіць дабрачынную арганізацыю ў Лёндане „Падтрымка зьняволеным замежнікам у Беларусі“. Я буду працягваць дапамагаць людзям. Ня толькі іншаземцам, але і беларусам. Столькі людзей у Беларусі сядзяць у турме з прычынаў, якія цяжка сабе ўявіць. У камэры Алан сядзеў з высокакваліфікаванымі выкладчыкамі, дактарамі, юрыстамі. Ён казаў, што ў гэтай турме ня знойдзеш сапраўдных злачынцаў, усе звычайныя людзі. Усё гэта вельмі сумна».
«Не было вады, акна і вэнтыляцыі. Увесь дзень сядзеў на падлозе»
Магдалену жахаюць умовы, у якіх у Беларусі знаходзяцца зьняволеныя.
«Калі ў Глыбокім адбываўся суд, Алана трымалі ў памяшканьні без акна, вэнтыляцыі і вады. Яны забіралі з пакоя матрац, і ён сядзеў на падлозе цэлы дзень. Не было вады, каб памыць рукі. Калі ён казаў, што яму трэба ў туалет, яму давалі вядро. Гэта быў жах, — кажа яна. — Два гады мы спрабавалі з дапамогай амбасады, адвакатаў і проста добрых людзей перадаць яму акуляры. У яго быў зрок +4,5, а стаў +6 за час зьняволеньня. І ён дагэтуль не атрымаў акуляраў».
Магдалена кажа, што ў ІК-3, дзе Сміт адбываў пакараньне, былі выпадкі масавых атручэньняў.
«Фактаў кепскага абыходжаньня з Аланам вельмі шмат. Усё гэта прымусіла яго абвясьціць галадоўку. Гэта было вельмі роспачнае рашэньне, — тлумачыць Магдалена. — Ён трымаў галадоўку 8 дзён. Ня толькі таму, што ён быў у кепскіх умовах, але і таму, што іншыя былі. Ягонага найлепшага сябра Руслана перавялі ў карцэр проста таму, што ён перакладаў для яго. Ён там заставаўся адзін месяц абсалютна ні за што».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанец Алан Сміт, які сядзіць у беларускай калёніі, аб’явіў галадоўкуМагдалена кажа, што адміністрацыя калёніі паўгоду не дазваляла тэлефанаваць ёй. Сытуацыя памянялася толькі пасьля візыту ў калёнію супрацоўнікаў амбасады Брытаніі.
«Гэта так жахліва. Мы ня бачыліся два гады, але хаця б маглі размаўляць па тэлефоне. А пасьля яны забаранілі званкі і лісты. У нас не было аніякіх кантактаў, гэта было так цяжка», — кажа Магдалена.
«Беларусы — найлепшая нацыя»
Увесь час зьняволеньня Алана ў ІК-3 ім дапамагалі беларусы, кажа Магда. Большасьць з гэтых людзей яна нават ня ведае.
«Кожны раз, як хтосьці са сваякоў быў на спатканьні ў калёніі, мне паведамлялі навіны пра Алана, перадавалі яму трошкі ежы, — расказвае яна. — На маёй старонцы ў фэйсбуку можна пабачыць, як шмат людзей рады за нас і хочуць пабачыць нашыя фота разам. Найбольшую дапамагу нам аказаў Павал Левінаў, ён так шмат зрабіў. І яшчэ адна жанчына два гады перадавала для яго ежу. Яна ніколі ня ведала Алана і ні разу яго ня бачыла, але рабіла гэта ўсе два гады. Не магу назваць яе імя. Яна проста анёл».
Ня ўпэўненая, гаворыць Магдалена, што ў Брытаніі ці ў Польшчы знайшла б такую ж дапамогу. «Беларусы — найлепшая нацыя, — кажа яна. — Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто нам дапамагаў».
«Я прасіла ў фэйсбуку дасылаць фатаздымкі са слоганам у падтрымку Алана і даслала іх яму на дзень народзінаў, — распавядае Магдалена, як іхную сям’ю падтрымлівалі па ўсім сьвеце. — Ён сказаў, што гэта найлепшы момант у ягоным жыцьці. Ён быў такі шчасьлівы. Таму я пачала падтрымліваць і іншых вязьняў. Я атрымліваю лісты ад іх і ведаю, што нават проста паштоўка можа зьмяніць шмат і зрабіць чалавека шчасьлівым. Калі чалавека проста віншуюць з днём народзінаў ці з Калядамі. Там так шмат людзей, у якіх няма жонкі, сваякоў, сям’і, сяброў. Таму я дасылаю ім паштоўкі».
45-гадовы Алан Сьміт быў арыштаваны ў верасьні 2016-га ў Берасьці і празь 10 месяцаў знаходжаньня ў Віцебскім СІЗА асуджаны на два гады.
Алан Сміт родам з Курдыстану, жыў у Лёндане. Разам з жонкай яны мелі ў Польшчы кампанію, якая займалася наладжваньнем бізнэс-сувязяў курдзкіх і эўрапейскіх бізнэсоўцаў і арганізоўвала ў Эўропе лячэньне пацыентаў зь Блізкага Ўсходу.
Прыехаўшы ў Беларусь, Сміт дапамагаў грамадзянцы Курдыстану, інвалідцы, якая законна, па візе, прыбыла ў Беларусь, аформіць дазвол на знаходжаньне ў Беларусі. Пазьней высьветлілася, што тая жанчына разам са сваёй сям’ёй — усяго 6 чалавек — зьбіраліся міграваць далей у Эўразьвяз. Алану, які ня меў дачыненьня да перасячэньня імі мяжы, інкрымінавалі арганізацыю незаконнай міграцыі. У судзе сваёй віны Сьміт не прызнаў, сьмела заявіўшы аб ужываньні за кратамі катаваньняў.
Магдалена Валынска, якую арыштавалі разам з мужам, але неўзабаве вызвалілі, пачала онлайн-кампанію ў падтрымку свайго мужа і напісала Аляксандру Лукашэнку. «Умовы, у якіх знаходзіцца муж, жахлівыя», — пісала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмон», «пярлоўка», «кіпяцільнік» — якой японскі мастак запомніў БеларусьРазам з Аланам Сьмітам у той жа калёніі адбывае пакараньне беларускі краязнавец Алесь Юркойць. Таксама з калёніі нядаўна выйшаў японскі мастак Даічы Ёшыда. Асуджаны ў 2017-м на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за нелегальны правоз зброі, ён быў неспадзявана вызвалены 22 траўня 2018-га. Вярхоўны суд, які раней адмаўляўся пераглядаць справу Ёшыды, урэшце палічыў ягоны прысуд занадта жорсткім.