Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанец Алан Сміт, які сядзіць у беларускай калёніі, аб’явіў галадоўку


Падчас суду над Аланам Смітам, архіўнае фота
Падчас суду над Аланам Смітам, архіўнае фота

Грамадзянін Вялікай Брытаніі, які знаходзіцца ў беларускай калёніі, 20 чэрвеня абвясьціў галадоўку. Пра гэта паведаміла жонка Алана Сміта на сваёй старонцы ў Facebook.

Галадоўка пачалася 20 чэрвеня ў ПК-3, патрабаваньні Алана пакуль невядомыя.

«Гэтая навіна выклікала шок і вялікі стрэс. Толькі Бог ведае, што адбываецца ў гэтай турме», — кажа жонка Алана Магдалена.

Магдалена расказала газэце «Новы час», што пра галадоўку ёй паведамілі сем’і іншых зьняволеных, зь якімі яна абменьваецца інфармацыяй. На думку Магдалены, прычынай галадоўкі магло стаць у тым ліку тое, што некаторы час таму Сміту адмовілі ў перадачы, дазволенай яму законам.

«Але, думаю, прычына ў чымсьці большым. Яго ўжо пакаралі, пазбавіўшы дыетычнага харчаваньня, забараніўшы хадзіць у спартыўную залю. Таксама яму нельга працаваць і тэлефанаваць, не дазваляюць перапіску. Я атрымала ад яго апошні ліст у лютым. Нават ягоныя лісты на адрас Лукашэнкі і ў Вярхоўны суд не выходзяць з калёніі. Алан вельмі разумны, і думаю, калі ён пачаў галадоўку, на гэта былі сур’ёзныя прычыны», — сказала Магдалена.

45-гадовы Алан Сьміт быў арыштаваны ў верасьні 2016-га ў Берасьці і празь 10 месяцаў знаходжаньня ў Віцебскім СІЗА асуджаны на два гады.

Заходнія СМІ зноў нагадалі пра лёс брытанца Алана Сьміта, што сядзіць у беларускай калёніі

Алан Сміт родам з Курдыстану, жыў у Лёндане. Разам з жонкай яны мелі ў Польшчы кампанію, якая займалася наладжваньнем бізнэс-сувязяў курдзкіх і эўрапейскіх бізнэсоўцаў і арганізоўвала ў Эўропе лячэньне пацыентаў з Блізкага Ўсходу.

Прыехаўшы ў Беларусь, Сміт дапамагаў грамадзянцы Курдыстану, інвалідцы, якая законна, па візе, прыбыла ў Беларусь, аформіць дазвол на знаходжаньне ў Беларусі. Пазьней высьветлілася, што тая жанчына разам са сваёй сям’ёй — усяго 6 чалавек — зьбіраліся міграваць далей у Эўразьвяз. Алану, які ня меў дачыненьня да перасячэньня імі мяжы, інкрымінавалі арганізацыю незаконнай міграцыі. У судзе сваёй віны Сьміт не прызнаў, сьмела заявіўшы аб ужываньні за кратамі катаваньняў.

Магдалена Валынска, якую арыштавалі разам з мужам, але неўзабаве вызвалілі, пачала онлайн-кампанію ў падтрымку свайго мужа і напісала Аляксандру Лукашэнку. «Умовы, у якіх знаходзіцца муж, жахлівыя», — пісала яна.

Разам з Аланам Сьмітам у той жа калёніі адбывае пакараньне беларускі краязнавец Алесь Юркойць. Таксама з калёніі нядаўна выйшаў японскі мастак Даічы Ёшыда. Асуджаны ў 2017-м на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за нелегальны правоз зброі, ён быў неспадзявана вызвалены 22 траўня 2018-га. Вярхоўны суд, які раней адмаўляўся пераглядаць справу Ёшыда, урэшце палічыў ягоны прысуд занадта жорсткім.

«Шмон», «пярлоўка», «кіпяцільнік» — якой японскі мастак запомніў Беларусь

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG