ЗША папярэдзілі Расею і Сырыю аб наступствах удараў у Ідлібе

Нікі Гэйлі, архіўнае фота

Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі папярэдзіла Расею і Іран, што працяг бамбаваньня пазыцый узброенай апазыцыі ў Сырыі можа пацягнуць за сабой «вельмі адмоўныя наступствы». Яна таксама падкрэсьліла, што Злучаныя Штаты адкажуць на любое прымяненьне арміяй Асада хімічнай зброі.

Сталы прадстаўнік Расеі Васілій Нябензя запярэчыў, што ў Сырыі няма хімічнай зброі.

Паводле Нікі Гэйлі, з пачатку месяца ў раёне Ідліб пачасьціліся артылерыйскія і ракетныя абстрэлы. Расейскія і сырыйскія самалёты, сказала Гэйлі, таксама нанесьлі больш за 100 авіяўдараў, у якіх выкарыстоўваліся так званыя «бочкавыя бомбы», начыненыя запальнай сумесьсю з дадатковымі аскепкавымі паражальнымі элемэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Расея нанесла новы авіяцыйны ўдар у правінцыі Ідліб у Сырыі. ФОТА

Кіраўнік Пэнтагону Джэймс Матыс ня выказаўся гэтак жа адназначна, як Гэйлі, наконт рэакцыі ЗША на прымяненьне Сырыяй баявых атрутных рэчываў, але адзначыў, што «Дамаск папярэджаны. У красавіку нашы крылатыя ракеты ў якасьці контрамеры ў адказ на хімічную атаку зьнішчылі амаль пятую частку ВПС Асада. Паглядзім, ці адумаўся ён з тых часоў».

Гэта было другое за мінулыя чатыры дні пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН па сытуацыі ў сырыйскай правінцыі Ідліб, апошнім буйным апірышчы ўзброенай апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН занепакоеная магчымым ваенным абвастрэньнем у Сырыі