Прэзыдэнт ЗША таксама паведаміў, што яго не турбуе, ці жадаюць зь ім гаварыць лідэры Ірану.
Дональд Трамп, які прыняў у Белым доме эміра Кувэйту шэйха Сабаха IV аль-Ахмад аль-Джабэр ас-Сабаха, паведаміў, што ніколі не абмяркоўваў магчымасьць забойства прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Пра тое, што ў красавіку 2017 году Трамп выказваў намер зьнішчыць Асада, паведаміў вядомы журналіст Боб Вудвард у кнізе «Страх. Трамп у Белым доме».
Паводле Вудварда, пасьля праведзенай сырыйскім рэжымам хімічнай атакі Трамп прапанаваў міністру абароны ЗША Джэймсу Мэтысу «пазбавіцца» ад Асада. Мэтыс аддаў перавагу больш традыцыйнай стратэгіі дзеяньняў.
Трамп чарговы раз выказаў сумнеў у кампэтэнтнасьці Вудварда (аднаго з найбольш вядомых амэрыканскіх журналістаў) і падкрэсьліў, што ягоную кнігу варта лічыць творам мастацкай літаратуры.
Трамп таксама паведаміў, што ён будзе «вельмі злосны», калі «бойня» ў правінцыі Ідліб будзе працягвацца — раней войскі Асада пачалі наступ у гэтай правінцыі.
Перад пачаткам сустрэчы з эмірам прэзыдэнт ЗША заявіў, што ня можа прадказаць, што адбудзецца з Іранам, і што яго не турбуе, ці хочуць зь ім гаварыць іранскія лідэры.
У траўні Трамп прыняў рашэньне, каб ЗША выйшлі з шматбаковага пагадненьня пра ядзерную праграму Ірану. У ліпені ён заявіў, што гатовы асабіста і без папярэдніх умоваў сустрэнецца з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані, каб абгаварыць шляхі паляпшэньня стасункаў. Аднак Рухані адмовіўся ад сустрэчы. Трамп ня выключыў, што сустрэча ўсё ж пройдзе на палях Генэральнай Асамблеі ААН.