Летняя вандроўка па Блізкім Усходзе – не зусім адпачынак, калі ты журналіст, а вакол уцекачы з грамадзянскай вайны ў Сырыі, і ў кожнага – свая гісторыя ратаваньня, стратаў і мараў.
Напружанае суседзтва грамадзянскай вайны
Нягледзячы на палітычную нявызначанасьць і побытавую неўладкаванасьць, з намётавых лягераў на памежжы зь Лібанам, Турэччынай, Ярданіяй ды зь іншых краін на радзіму вяртаюцца сырыйскія ўцекачы. 13 з 14 правінцый (выключэньнем рэгіён Ідліб) вызваленыя ад баевікоў, арганізуюцца часовыя прытулкі для тых, хто страціў сваё жыльлё.
Адна з найбольшых канцэнтрацый вымушаных перасяленцаў — у лібанскай правінцыі Бэкаа, падкантрольнай ваенізаванаму крылу шыіцкага руху «Хэзбала». Аднак можна сустрэць іх і ў іншых рэгіёнах, уключна са сталіцай Бэйрутам.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за час збройнага канфлікту невялікі Лібан прыняў больш за 1,5 мільёна грамадзянаў Сырыі. Праваабаронцы называюць лічбу ледзь не ўдвая большую, але нават калі браць наяўныя зьвесткі, гэта найвышэйшы ў сьвеце паказьнік уцекачоў у пераліку на душу насельніцтва — у Лібане 4 мільёны жыхароў.
Вымушанае суседзтва дадае нэрвознасьці. Лібанскія палітыкі наракаюць, што госьці абцяжарваюць непадрыхтаваную да перагрузак інфраструктуру. Акрамя таго, у пошуках падпрацоўкі тыя пагаджаюцца на любыя ўмовы, дэмпінгуючы на рынку. Сырыйцы ж абураныя, што на іхнай бядзе яшчэ намагаюцца і зарабіць: землеўласьнікі патрабуюць плату за пастой, а калі няма чым плаціць, доўг даводзіцца адпрацоўваць. Плюс прыніжальныя паліцэйскія і вайсковыя рэйды па намётах у пошуку нядобранадзейных.
«Лебанон нот гуд. Сюры — грэйт кантры. Ўор — вэры бэд...», — амаль на пальцах, але эмацыйна акрэсьліў агульную карціну таксіст-сырыец з Аджару, невялікага гарадку на лібанска-сырыйскім памежжы.
Бальшыня сырыйцаў ня мае статусу палітуцекача, а значыць, і легальнай падставы, каб знаходзіцца за мяжой. У 2015 годзе Лібан наогул зачыніў памежныя пераходы са свайго боку, забараніўшы Агенцтву па аказаньні дапамогі ААН рэгістраваць новых уцекачоў. Хто прыехаў пазьней з кантрабандыстамі, аўтаматычна апынуўся перад пагрозай дэпартацыі. Як вынік, многія гадамі не выходзяць з намётавых гарадкоў, каб ня трапіць пад «зачыстку» сілавікоў.
Аднак апошнім часам у лягерах, якія сталі адказам на жорсткае супрацьстаяньне войскаў Башара Асада, падтрыманага Расеяй, з унутранай апазыцыяй, «Ісламскай дзяржавай» і яе сатэлітамі, назіраецца актыўнасьць. Уцекачы, якія правялі на чужыне па 5–7 гадоў, пачалі зьбірацца на радзіму.
На зваротным шляху кантроль ня меншы. Сырыйскія спэцслужбы мусяць высьветліць, ці ня быў вяртанец завэрбаваны зьнешнімі ворагамі, ці не патэнцыйны тэрарыст ён, ці не зьбіраюцца пад гэтай маркай прасьлізнуць суніты — адрозна ад байцоў шыіцкай «Хэзбалы», якія ваююць на баку рэжыму, тыя папаўняюць шэрагі паўстанцаў і «Ідзілу». З улікам, што правінцыя Ідліб дагэтуль у руках бандфармаваньняў, усім падазроным доступ на тэрыторыю Сырыі забаронены.
Аднаўленьне інфраструктуры і гістарычных помнікаў
У чаканьні «амністыі» і Анхар Кочнева — блогерка, перакладчыца, у мінулым закладніца адной з узброеных груповак. Некалькі апошніх гадоў жыве ў старажытным горадзе Сайда на поўдні Лібану, да гэтага яе дом быў у Дамаску. Пасьля вымушанага ад’езду з Сырыі кватаравала ў лягерах уцекачоў, агульныя для ўсіх нягоды адчула на сабе.
«Шмат народу едзе, 900 чалавек выправіліся толькі днямі. Ведаю нават па сваіх знаёмых. На першы час нават даюць нейкія грошы, што важна. Ну, і з улікам таго, што людзі вельмі стомленыя, зьнясіленыя, — ясна, што хочуць дадому. Нарэшце ўдалося зачысьціць „ідзільскі гадзюшнік“: з раёнаў Хомсу і Алепа баевікі вышлі пасьля перамоваў. У Дамаску бандзюкоў наагул не было, сядзелі ў прыгарадах — галоўнай праблемай было тое, што раз-пораз падалі ракеты. На поўдні пацярпела Бусра, але і яе вызвалілі», — кажа Анхар.
Спонсарам аднаўленьня разбуранай інфраструктуры вызваўся стаць Іран. Не зьбіраецца пакідаць аблюбаваны пляцдарм Расея — наадварот, яе прысутнасьць толькі ўзмацняецца. Свае паслугі ў тэлеграме на адрас Башара Асада з нагоды 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін прапанаваў і Аляксандар Лукашэнка.
Так сёньня выглядае курортны горад Алепа (відэа):
Разам з адбудовай гарадоў абмяркоўваецца лёс зьнішчаных і пашкоджаных помнікаў, найперш у легендарнай Пальміры. Побач баевікі ўзарвалі станцыю электразабесьпячэньня, таму ў рэгіёне істотныя перабоі з электрычнасьцю. Рамонтнікі і рэстаўратары працуюць побач.
«Вядома, шкода значная ва ўсіх сфэрах. Паціху ўсё будзе аднаўляцца, у тым ліку помнікі. Абяцаюць, што ў Пальміры адновяць арку — цяпер яна ляжыць у руінах, трэба зьбіраць па кавалачках. На жаль, вежы і храмы падняць цяжка, хоць адзін, кажуць, можна гэтак жа сабраць — ён разваліўся падчас ранейшага землятрусу, гэта не абстрэлы. Але тую ж Пальміру здалі наўмысна, прычым двойчы. І праблема ў тым, што здраднікаў, марадэраў адразу не пачалі ставіць да сьцяны. Калі законы вайны, то і дзейнічаць трэба адпаведна. Тады ў іншых месцах таксама прыціхлі б», — кажа журналістка.
Пэрманэнтныя авіяўдары Ізраілю па вайсковых аб’ектах у Сырыі (такім чынам Тэль-Авіў спрабуе ліквідаваць каналы падсілкоўваньня несяброўскай для сябе лібанскай «Хэзбалы») вяртаньню не перашкодзяць — бамбаваньне мае кропкавы характар і на паселішчы не распаўсюджваецца.
Паводле суразмоўніцы, сацыяльны склад сырыйскіх уцекачоў у Лібане вельмі розны: ад заможных сем’яў, якія наймаюць дамы на бясьпечнай адлегласьці ад мяжы, да пагарэльцаў бяз грошай і маёмасьці, якія здолелі ўратаваць толькі сябе.
«Ёсьць тыя, хто зьехаў зь вялікімі грашыма на пачатку канфлікту. У ваколіцах Бэйруту хапае шыкоўных машын на сырыйскіх нумарах, а іх гаспадары за некалькі тысяч баксаў наймаюць вілы. Іншыя, як мой кіроўца, працавалі тут яшчэ да вайны. Іх часьцяком „кідаюць“ з замовамі, з заробкамі, але хоць нешта. Ну, і 350 тысяч пастаяльцаў намётавых лягераў у даліне Бэкаа. Найгоршы варыянт. Іх у першую чаргу намагаюцца вывезьці назад. Яны і самі кажуць: мы згодныя жыць у такіх жа намётах, але ў Сырыі».
Па-першае, працягвае лёгіку новых землякоў Анхар Кочнева, дома прынамсі будуць адчуваць сябе людзьмі. Па-другое, арэнда зямлі ў лягерах не бясплатная — у сярэднім 600–800 даляраў на год. Пры тым, што ўмовы існаваньня далёкія ад прымальных. Нейкі час таму двое дзяцей раніцай проста не прачнуліся, замерзьлі: цэмэнтная падлога і дах з рэклямных білбордаў — дрэннае сховішча.
Галоўны афтальмоляг арабскай вясны
Многія лягеры на лібанскай тэрыторыі не кантралююцца экспэртамі ААН. Фактычна гэта хаатычнае нагрувашчваньне з таго, што было пад рукой — кардонныя скрыні, абрэзкі плястыку, пакрышкі. Улады абыякавыя да самадзейнасьці. Галоўнае — ня даць узьнікнуць вялікаму афіцыйнаму лягеру і не паўтарыць прыкры досьвед палестынскіх Сабры і Шацілы, якія на пачатку 1980-х паўсталі ў Бэйруце і сталі мішэнямі арміі Ізраілю. Раскурочаныя дамы стаяць там напамінам дагэтуль.
З прычыны прыгранічнай напружанасьці, якая захоўваецца ўжо шмат гадоў, у даліне Бэкаа падвышаныя меры антытэрарыстычнай бясьпекі. Чым бліжэй да Баальбэку, сталіцы правінцыі, тым больш стацыянарных блёк-пастоў з браніраванай тэхнікай. Аўтамабілі спыняюць, але салдаты збольшага абмяжоўваюцца візуальным аглядам пасажыраў.
А вось на самім памежным пераходзе, са слоў відавочцаў, кантроль самы жорсткі. Замежніку трапіць у Сырыю практычна немагчыма — за выключэньнем адмысловых журналісцкіх, гандлёвых ці экспэртных групаў, узгодненых з МЗС краіны. Як адзначае Анхар Кочнева, ня маюць прывілеяў нават расейцы, якія фармальна ў сяброўскім статусе з рэжымам Асада.
«Хто і чаму муціць — незразумела. Фармальна з расейскім пашпартам (як зь беларускім ці ўкраінскім) праблемаў быць не павінна: плаціш на мяжы 20 даляраў, і ўсё. Дык не, просяць загадзя атрыманую візу, бо на месцы зрабіць нерэальна: у МЗС запыт нібыта дасылаюць, але адказу можна не атрымаць ніколі. Тое ж і ў Маскве (магчыма, у Менску таксама) — патрабуюць запрашэньне. Але калі ў Дамаску людзі прыходзяць у міграцыйную службу, усё „закальцоўваецца“: запрашэньне не патрэбнае. Адзін на аднаго ківаюць, і нічога не зразумела».
Дык ці азначае пачатак працэсу вяртаньня сырыйскіх уцекачоў на радзіму, што міжнародная супольнасьць, якая ва ўльтыматыўнай форме патрабавала адстаўкі ўраду Башара Асада, урэшце прызнае ягоную легітымнасьць?
Анхар Кочнева абмяжоўваецца недвухсэнсоўным выразам: падчас «арабскай вясны» генэралаў ламалі за месяц, а з афтальмолягам (Асад пасьля мэдычнага факультэту Дамаскага ўнівэрсытэту мае дыплём лекара-афтальмоляга) ня ўправіліся і за 7 гадоў.
Паўгода ў палоне ў сырыйскіх апалчэнцаў
Анхар Кочнева нарадзілася ў Адэсе, яе мама палестынка, тата — украінец. Вучылася ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На пачатку 1990-х, калі для савецкіх людзей нарэшце пачалі рассоўвацца межы і зьявілася магчымасьць вандраваць, рызыкнула паставіць на ўсходнюю экзотыку. Балазе, веданьне арабскай мовы таму спрыяла. Яе «Ярданскі клюб» адпраўляў групы ў Эгіпет, Сырыю, Ярданію, яна аўтарка цэлага стосу праваднікоў па Блізкім Усходзе.
У 2011-м пераехала ў Дамаск. Ня вельмі ўдалы час: на хвалі забурэньняў у арабскім сьвеце неўзабаве пачаліся антыбашараўскія выступы і ў Сырыі. Хаосам скарысталася «Ісламская дзяржава», якая без асаблівага супраціву захоплівала цэлыя вобласьці. Хутка зарыентавалася Расея, разьмясьціўшы свой вайсковы кантынгент і дапамагаючы Асаду ня столькі стрымліваць «Ідзіл», колькі граміць апазыцыю.
Як кажа Анхар, артыкулы для турыстаў давялося адкласьці, стала пісаць пра тэракты — набірала па паўмільёна праглядаў у ЖЖ штодня. Хутка яна стала публічнай асобай, яе публікацыі, інтэрвію і камэнтары пастаянна зьяўляліся ў міжнароднай прэсе.
Папярэджаньні сяброў і калегаў наконт таго, каб пакінуць краіну, дзе разгаралася сапраўдная вайна, журналістка ігнаравала. За што ўрэшце паплацілася. У кастрычніку 2012 году па дарозе з Хомсу ў Дамаск яе ўзялі ў палон апалчэнцы з самаабвешчанай «Сырыйскай свабоднай арміі» — тады ахвярамі кіднэпінгу станавіліся шматлікія журналісты, перакладчыкі, замежнікі, за якіх прызначалі шматмільённыя выкупы.
Празь месяц на яе старонцы ў Facebook быў выкладзены відэазварот: за «шпіёнку-перакладчыцу» запатрабавалі 50 мільёнаў даляраў (пазьней суму зьменшылі ў 10 разоў). І прыгразілі забіць закладніцу, калі не атрымаюць грошы.
«Тады выкраданьнем хто толькі не займаўся, ну і гэтыя вырашылі паспрабаваць шчасьця, — згадвае Анхар. — Насамрэч не такія ўжо і дрэнныя. Я ў сваёй кнізе пісала: чорнае — не абавязкова чорнае, а белае — не заўсёды белае. Яны ў зьвязцы з „Ан-Нусрай“, то бок і супраць „Ідзілу“, і супраць Асада. Амаль усе мёртвыя. Я ж іх ведала, а цяпер чытаеш — гэты загінуў, таго забілі. Двух маіх ахоўнікаў ідзілаўцы выкралі, баюся ўявіць, як катавалі, бо зграя дурняў. Армія таксама не цырымоніцца. А найлепш, каб здаліся, пасядзелі годзік у турме і дадому вярнуліся. Ня лішнія людзі».
Аднак не знайшлося нікога, хто прызнаў бы журналістку за сваю. МЗС Расеі дыстанцыяваўся, заявіўшы, што Кочнева — грамадзянка Ўкраіны, маўляў, хай там і разьбіраюцца. Ва ўкраінскай амбасадзе ў Дамаску аргумэнтавалі, што на ўліку яна ня значыцца, бо 20 гадоў перад гэтым жыла ў Маскве, дзе ў яе засталіся муж і дачка.
Што адбывалася зь ёй наступныя амаль паўгода, Анхар апісала ў кнізе «153+». Як вазілі па схованках, як трымалі бязь ежы і сьвятла, як гразіліся расстраляць і перарэзаць горла. Меркаваны абмен палоннымі таксама не адбыўся: адны выкрадальнікі патрабавалі наўзамен вызваліць сябраў-паўстанцаў, іншыя хацелі грошай.
Не абышлося і без стакгольмскага сындрому з абодвух бакоў: лідэр банды Амар бараніў жанчыну ад сваіх жа байцоў, якія зьбіраліся пусьціць яе «па кругу», а яна шкадавала, што бальшыня бандытаў аказаліся добрымі хлопцамі, якія апынуліся не пад тым уплывам і ўпэўнена крочылі ў магілу.
Казнакрадам вайна не перашкода
На 153-ці дзень палону, калі пільнасьць вартавых прытупілася, Анхар уцякла. Пашанцавала, што трапіла ў анкляў, дзе не было ні арміі, ні баевікоў. Адтуль ёй дапамаглі пераправіцца ў Дамаск, дзе яе зьяўленьню калі хто і ўзрадаваўся, дык ня ўрадавыя чыноўнікі. У кастрычніку 2014 году яе арыштавалі ў Дамаску за парушэньне візавага рэжыму і дэпартавалі з Сырыі. Давялося выехаць у Лібан і прайсьці ўсе выпрабаваньні ўцекача: ад намётаў да выпадковых падпрацовак.
«Мне адпомсьцілі казнакрады, — перакананая яна. — Я пачала задаваць нязручныя пытаньні пра карупцыю. У прыватнасьці — чаму мэдыяпраект ANNA-news крадзе матэрыялы сырыйскага ТБ, пераагучвае, лепіць свой тэг і выдае за свае? Гэта ж не камільфо. Асвойваюцца ўнушальныя бюджэты — як з боку Сырыі, так і Расеі. 40 тысяч даляраў на месяц! Нармальна, калі навокал вайна? Добра пагрэліся. А паколькі да гэтага мелі дачыненьне мясцовыя чыноўнікі, неўзабаве я апынулася пад ударам».
Тым часам Анхар узялася за другую кнігу, у якой абяцае новыя факты пра карупцыю ва ўладзе. Напрыклад, згадвае, што на пачатку канфлікту ў якасьці афіцыйнага перакладчыка Міністэрства інфармацыі Сырыі яна дапамагала ў арганізацыі здымак замежным тэлегрупам, кошт гэтых паслугаў ведамства ацэньвала ў 100 даляраў. Як толькі яе папрасілі з краіны, цэньнік падскочыў у 10 разоў. Супаставіўшы факты і прозьвішчы, цяпер рыхтуецца «адпомсьціць».
«Як казаў у савецкай камэдыі таварыш Саакаў, або я яе ў ЗАГС, або яна мяне да пракурора, — кажа пісьменьніца. — Гэта нават не гуманітарка — раскрадаліся мэтавыя бюджэты. Дарэчы, першая кніжка як толькі выйшла, праз тыдзень памёр адзін антыгерой, а на пачатку ліпеня — другі. Хацелі мяне загубіць, а наклалі рукі на сябе. Працяг яшчэ страшнейшы. Пра ўсё, што тварылася на пачатковым этапе: і як цягнікі пад адхон пускалі, і як штодня па 10 паліцэйскіх з праломленымі чарапамі знаходзілі, і як незаконна абвяшчаліся амністыі. Ніхто не зьвяртаў увагі. Ну, і атрымалі...»
Паводле статыстыкі праваабаронцаў, ад пачатку ваеннага канфлікту ў Сырыі задакумэнтаваная гібель больш чым 320 тысяч чалавек, 150 тысяч зьніклі бязь вестак. 13,5 мільёна чалавек з 20-мільённага насельніцтва прызнаныя асобамі, якія маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Больш за 5 мільёнаў сталі вымушанымі ўцекачамі і атабарыліся ў лягерах Лібану, Турэччыны, Ярданіі, Іраку, Эгіпту, некаторыя павыяжджалі ў Эўропу, ЗША, Канаду, астатнія лічацца перамешчанымі асобамі ўнутры краіны.
Нягледзячы на пагрозы, зьвязаныя зь незьмяняльнасьцю ўлады, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, шмат хто выказвае жаданьне вярнуцца на радзіму. Аднак многім папросту няма дзе жыць. Цэлыя паселішчы за гады вайны сталі развалінамі. Па ацэнцы Ўсясьветнага банку, 30% будынкаў на тэрыторыі Сырыі цалкам разбураныя ці атрымалі сур’ёзныя пашкоджаньні.
Больш-менш ацалелыя дамы занятыя праўрадавымі сіламі і дзяржаўнымі ўстановамі, а гаспадары часта ня маюць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць права ўласнасьці на нерухомасьць — уцякаць даводзілася літаральна пад кулямі.
Нават вярнуўшыся на радзіму, разьлічваць на паўнавартаснае жыцьцё ўцекачы наўрад ці могуць. Прынамсі па першым часе дык дакладна. Але, як кажуць у Беларусі, у сваім краю – як у раю.