Вось ужо які год на апошніх тыднях жніўня я хварэю — без відавочных прычын, незразумела чаму. Зусім як тыя малодшыя школьнікі, што мараць захварэць, каб не хадзіць у школу. Так, я баюся туды ісьці — апошнія некалькі год.
Я не баюся дзяцей, не баюся ўрокаў, не баюся пісаць пляны і правяраць сшыткі, не баюся рана ўставаць, не баюся вазіць дзяцей па музэях і тэатрах, я баюся зусім іншага.
Напрыклад, я гвалт як баюся запаўняць журнал.
У мінулым годзе мяне тройчы дэпрэміравалі за журналы. То я паблытаю даты, то запішу сапраўдную тэму ўрока, а не па праграме, то скарачу «КД» замест «кантрольны дыктант» ці «СПП» замест «сложноподчиненное предложение», і прыйдзе праверка і ажно падскача: «А што гэта Севярынец сабе дазваляе?! Яна ж ня першы год працуе, што гэта за СПП? Трэба скарачаць як «сложн. подч. предл».!
Яшчэ я баюся праверак. Усіх — і ўнутраных, і зьнешніх.
І я ж стараюся: застаюся нават пасьля ўрокаў, каб прыгожанька, як сьлед, пазапісваць свае журналы, але ж не. То адзнакі за дыктоўкі пастаўлю ў суседнюю калёнку замест роднай, то за верш на памяць у адну дату замест розных (мне так зручна, я тады бачу, хто вучыў, а хто яшчэ не, але нельга — у адну, бо праверка тады пытаецца: «Вы што, увесь урок слухалі вершы?! Гэта такі ў вас быў урок?!»
«Запаўненьне журналаў — гэта ваш функцыянал, — кажуць мне. — Калі вы не ўмееце запаўняць журнал, вы профнепрыдатная. Вось я не ўмею секчы дровы — дык я ж не іду ў лесарубы. А вы чамусьці, не ўмеючы запаўняць журнал, у настаўнікі пайшлі».
Прымусовы ўдзел у безьлічы конкурсаў, якія спускаюцца нам зь Мінаду праз аддзел адукацыі — абмяжоўвае творчасьць і крэатыў.
Яшчэ я баюся праверак. Усіх — і ўнутраных, і зьнешніх. Мне ёсьць чаго баяцца: акрамя няправільных журналаў, маю яшчэ адзін грэх: няправільныя сшыткі. Я там пішу дзецям вялікія адказы і пытаньні, малюю смайлікі і стаўлю клічнікі і пытальнікі, дазваляю ім пісаць рознымі чарніламі і заводзіць сшыткі любых колераў. Калі дзеці пытаюцца ў мяне: «А як падпісваць, зьлева, справа ці па цэнтры?» — я ім кажу: «Ды дзе пажадаеце».
Я ня тое каб хацела спрачацца з праверкамі, крый божа. Я проста не магу знайсьці ў сабе ўнутранай сілы патрабаваць ад дзяцей падпісваць сшыткі зь нейкага загадзя вызначанага боку. А яшчэ я стаўлю адзнакі зьлева, а памылкі падлічваю справа. Мэханічна. А трэба наадварот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтытар Лівянт: 25% выпускнікоў валодаюць ведамі пачатковай школы, 95% ня ведаюць ніводнага фізычнага законуБаюся кіраваць навуковым аб’яднаньнем вучняў. Тое, што я раблю як ягоны кіраўнік — здабываю архіўныя матэрыялы, прыдумваю тэмы, запрашаю гасьцей, важу дзяцей туды і сюды — гэта я раблю так, ад сябе, па прыватнай ініцыятыве, я магу гэтага і не рабіць, але я абавязкова павінна скласьці плян працы аб’яднаньня па адзіным для ўсіх шаблёне і напісаць пратаколы паседжаньняў. Я пішу за год незьлічоную колькасьць тэкстаў — і я не магу без унутранай барацьбы напісаць чатыры пратаколы «ні пра што».
І што самае крыўднае — я ніяк не магу нікому патлумачыць, што вось гэтае вось усё — і ёсьць тая прычына, якая забівае ў настаўніку крэатыў і творчасьць. Людзі, якія правяраюць зьнешні бок настаўніцкай дзейнасьці, усе гэтыя журналы і сшыткі — яны неблагія людзі, прафэсіяналы сваёй праверачнай справы. Яны сапраўды не разумеюць, што тут такога складанага — запісаць журнал па праграме, завесьці ўсім аднолькавыя сшыткі і падпісаць іх па левым баку (ці то па правым?). Як гэта абмяжоўвае творчасьць і крэатыў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міністэрства адукацыі не кіруе адукацыяй». Яўгенія Пастарнак агучыла 6 неабходных зьменаўКаму і як патлумачыць, што наяўнасьць адзінага на ўсю краіну падручніка — абмяжоўвае творчасьць і крэатыў. Наяўнасьць суворых патрабаваньняў да афармленьня вучнёўскіх работ на канфэрэнцыі — абмяжоўвае творчасьць і крэатыў. Прымусовы ўдзел у безьлічы конкурсаў, якія спускаюцца нам зь Мінаду праз аддзел адукацыі — абмяжоўвае творчасьць і крэатыў. Дэпрэміраваньне — тым больш абмяжоўвае і нічога не вырашае.
Але выбар такі: альбо ты атрымліваеш права ісьці ў клясу да дзяцей, і разам з гэтым правам — вярыгі сыстэмы, альбо ты проста звальняесься — і становісься вольным ад вярыгаў. І ад любімай працы адпаведна.
Таму да 1 верасьня я, канешне, акрыяю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.