У інтэрвію агенцтву Reuters прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп распавёў, якія пытаньні ён абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным на саміце ў Хэльсынкі.
Дональд Трамп заявіў, што гатовы разгледзець пытаньне аб скасаваньні санкцыяў супраць Расеі ў абмен на саступкі па Сірыі і Ўкраіне, якія будуць адказваць інтарэсам ЗША.
«Я гатовы разгледзець гэта, калі яны зробяць нешта, што будзе карысным для нас, — заявіў Трамп — Бяз гэтага я ня стану вывучаць гэтае пытаньне».
Эканамічныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу былі ўведзеныя супраць Масквы ў сувязі з расейскай анэксіяй украінскага Крыму ў 2014 годзе, якую Захад адмаўляецца прызнаваць.
Трамп апынуўся пад агнём крытыкі ў сябе ў краіне і за мяжой пасьля таго, як у прысутнасьці Ўладзіміра Пуціна на саміце ў Хэльсынкі 16 ліпеня паставіў пад сумнеў высновы амэрыканскай выведкі аб тым, што Расея ўмешвалася ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cаміт Трамп-Пуцін: у чыю браму голСярод тэмаў, якія ён абмяркоўваў на закрытай сустрэчы з Пуціным, Трамп назваў бясьпеку Ізраілю, сытуацыю ў Сырыі, расейская анэксію Крыму і ўварваньне ва Ўсходнюю Украіну, а таксама будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток-2», па якім плянуецца дастаўляць расейскі прыродны газ у Нямеччыну. Паводле Трампа, у гутарцы з ім Пуцін ён не ўздымаў пытаньне аб амэрыканскіх санкцыях.
Трамп таксама адзначыў, што яго не турбуе тое, што ягоная жорсткая пазыцыя можа нанесьці шкоду эканоміцы Эўропы і краінаў з рынкам, што яшчэ фармуецца.
Трамп лічыў, што заключыў угоду з Эрдаганам
Адносна ўскладненьня стасункаў ЗША з Турэччынай ён адзначыў, што выключае выкананьне любых патрабаваньняў Анкары ў абмен на вызваленьне затрыманага там амэрыканскага пастара.
Паводле Трампа, ён лічыў, што заключыў угоду з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, калі дапамог пераканаць Ізраіль вызваліць затрыманага турэцкага грамадзяніна. Ён лічыў, што Эрдаган затым выпусьціць пастара Эндру Брансана, які абвяргае абвінавачваньні Турцыі ў тым, што ён нібыта быў датычны да змовы супраць Эрдагана два гады таму.
«Мне здаецца, што тое, што робіць Турэччына, вельмі сумна, — казаў Трамп. — Думаю, яны робяць жудасную памылку. Ніякіх саступак ня будзе».
Турэччына запатрабавала, каб ЗША перадалі ёй Фэтхулу Гюлена — турэцкага прапаведніка, які жыве ў Штатах і якога туркі падазраюць у змове супраць Эрдагана. Але ЗША адмаўляюцца.
Адносна тэмы Ірану Трамп заявіў, што ня мае асаблівай цікавасьці да сустрэчы з прэзыдэнтам Хасанам Рухані для абмеркаваньня ядзернай праграмы Тэгерану. Раней у гэтым месяцы Трамп заявіў пра сваю гатоўнасьць да такіх перамоваў.
«Калі яны хочуць сустрэцца, гэта добра, а калі ня хочуць, то мяне гэта абсалютна не хвалюе», — сказаў цяпер Трамп.
Ён дадаў, што ня мае «часавых абмежаваньняў» для ўрэгуляваньня гандлёвых спрэчак яго адміністрацыі з Кітаем: «Як і яны, я працую на доўгатэрміновую пэрспэктыву».