Міністар замежных справаў Ірану Мухамад Джавад Зарыф западозрыў ЗША ў стварэньні «групы дзеяньняў», якая, на яго думку, зоймецца скіданьнем кіраўніцтва краіны. Пра гэта кіраўнік ведамства напісаў у Twitter.
Ён заявіў, што 65 гадоў таму амэрыканскія ўлады «зрынулі абраны народам дэмакратычны ўрад» і цяпер, на яго думку, маюць намер зрабіць тое самае.
У чацьвер паведамлялася аб стварэньні ў ЗША ініцыятыўнай групы, якая, як удакладніў дзяржсакратар Майк Пампэо, зоймецца каардынацыяй «ціску» Вашынгтону на Іран пасьля выхаду ЗША зь ядзернага пагадненьня з Тэгеранам.
Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у траўні выйшаў зь ядзернага пагадненьня зь Іранам, Вашынгтон абвясьціў аб аднаўленьні да лістапада санкцыяў у дачыненьні да Тэгерану. У Дзяржаўным дэпартаменце ўдакладнілі, што цяперашняя мэта ЗША — цалкам пазбавіць Іран даходаў ад продажу нафты.
У суботу іранскія ўлады абвясьцілі аб намеры адмяніць штампы аб ўезьдзе і выезьдзе з краіны ў пашпартах для замежных турыстаў, паведамляе іранскае агенцтва ІРНА. Паводле заявы іранскіх чыноўнікаў, гэта будзе зроблена для процідзеяньня амэрыканскім санкцыям.