21 жніўня спаўняецца 100 дзён, як зьняволены ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновае галадаваньне, патрабуючы ад Масквы вызваліць усіх украінскіх палітычных вязьняў.
Нягледзячы на шматразовыя заклікі лекараў прыпыніць галадаваньне, Алег Сянцоў працягвае пратэст. У калёніі ў паўночным расейскім горадзе Лабытнангі праводзяць мэдычныя працэдуры, каб не дапусьціць сьмерці вязьня, але штодня расьце рызыка новага крызісу ў стане здароўя Сянцова.
14 жніўня Сянцоў расказаў расейскай праваабаронцы Зоі Сьветавай, якая езьдзіла да яго ў калёнію, што ягоны стан «перадкрытычны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Сянцова: Алег страчвае надзею і ня верыць у вызваленьнеАктывісты ва Ўкраіне і дзясятках краінаў сьвету абвясьцілі пра акцыі салідарнасьці ў соты дзень галадаваньня Сянцова. Украінскі ПЭН супольна з Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў правядзе акцыю ля амбасады Расеі ў Кіеве.
Акрамя Ўкраіны, акцыі «Салідарнасьць з Алегам Сянцовым» адначасова пройдуць у Вялікай Брытаніі, Кеніі, Швэцыі, Даніі і ЗША. Чэскія кінэматаграфісты абвясьцілі 21 жніўня пачаткам «ланцуговага» галадаваньня ў падтрымку Сянцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ААН заклікалі Расею вызваліць Сянцова «без папярэдніх умоў у тэрміновым парадку»