Украінскі бок гатовы памілаваць 11 грамадзян Расеі, асуджаных ва Ўкраіне, што зьвярнуліся да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай вярнуць іх на тэрыторыю Расеі ў абмен на ўкраінскіх палітвязьняў.
Пра гэта паведаміла прадстаўніца Ўкраіны ў Трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка.
«Мы накіруем прадстаўнікам РФ у кантактнай групе інфармацыю пра заявы злачынцаў і тэрарыстаў — грамадзян РФ, якія выказалі жаданьне вярнуцца ў Расею і напісалі адпаведныя просьбы да свайго прэзыдэнта Пуціна. Украінскі бок, наш прэзыдэнт, гатовы памілаваць расейскіх дывэрсантаў і злачынцаў у абмен на вызваленьне нашых палітвязьняў» — адзначыла Ірына Герашчанка.
Яна нагадала, што ўжо 11 расейцаў, асуджаных ва Ўкраіне, напісалі заявы да Пуціна.
Разам з тым Герашчанка падкрэсьліла, што ў шчыльнай каардынацыі з упаўнаважанай Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людмілай Дзянісавай, МЗС, СБУ, адпрацоўваюцца крокі для вызваленьня ўкраінцаў.
Таксама яна адзначыла, што пакуль няма адказу з боку Расеі на ініцыятыву перадаць расейцаў, якія адбываюць пакараньне ва Ўкраіне за злачынствы супраць дзяржавы, а таксама па ўкраінскай ініцыятыве правесьці сустрэчу амбудсмэнаў ў Менску 21-22 жніўня.
У пачатку ліпеня былі апублікаваныя імёны і прозьвішчы 23 асуджаных або арыштаваных ва Ўкраіне расейскіх грамадзян.
Паводле зьвестак украінскага МЗС, у Расеі і анэксаваным Крыме ўтрымліваюць больш за 70 украінскіх палітвязьняў. Актывісты ва Ўкраіне і па ўсім сьвеце працягваюць патрабаваць ад Расеі і прэзыдэнта Пуціна вызваліць украінцаў.
Як Алег Сянцоў жыве на чацьвёрты месяц галадоўкі ў расейскай турме
Сёньня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель мелі тэлефонную гутарку. Размова адбылася напярэдадні сустрэчы канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Расеі Пуціна, якая адбудзецца 18 жніўня.
Падчас тэлефоннай гутаркі з Мэркель Парашэнка падкрэсьліў неабходнасьць неадкладнага вызваленьня Алега Сянцова ды іншых украінскіх закладнікаў і палітычных зьняволеных, паведаміла прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.