Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, які дзевяноста шосты дзень галадае ў расейскай калёніі, «больш ня верыць» у тое, што вызваленьне набліжаецца, заявіла ў камэнтары агенцтву AFP стрыечная сястра Сянцова Натальля Каплан.
«Ён страчвае надзею», — сказала Каплан 16 жніўня, праз тыдзень пасьля атрыманьня ліста ад Сянцова, у якім ён паведаміў ёй, што адчувае, што «канец блізкі».
«У лісьце ён напісаў мне, што мы больш не павінны казаць яму, што свабода набліжаецца, ён больш ня верыць», — цытуе Каплан AFP.
Паводле сястры Сянцова, яна чакае, калі заходнія лідэры зробяць ціск на Маскву і «знойдуць нейкі рычаг для вызваленьня Алега і іншых палітычных зьняволеных».
«Такі рычаг сапраўды існуе, я ў гэтым упэўненая», — адзначыла яна.
«Мы ня можам апускаць рукі, пакуль Алег працягвае бой. Гэта было б здрадай як Алега, так і людзей, якія прыкладаюць такія велізарныя намаганьні, каб дамагчыся яго вызваленьня», — дадала Каплан.
Раней у Крамлі заявілі, што Сянцоў мусіць асабіста зьвярнуцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай аб памілаваньні. Але сястра рэжысэра адзначыла, што ён гэтага рабіць ня будзе.
14 жніўня Алег Сянцоў сказаў расейскай праваабаронцы Зоі Сьветавай, якая наведала яго ў калёніі, што ягоны стан «перадкрытычны».
Асуджаны ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў 14 траўня абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах.