У працэсе па «справе РЭП» 17 жніўня пракурорка агучыла свае прапановы па пакараньні Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, піша «Вясна».
Пракурорка Ліліяна Літвінюк папрасіла пакараць старшыню незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча і бухгальтара РЭПу Ігара Комліка 5 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 год.
Яна сьцьвярджае, што абвінавачаныя ўсьведамлялі злачыннасьць сваіх дзеяньняў і гэта пацьвярджаецца знойдзенымі падчас ператрусаў у офісе РЭП схованкамі. Меру стрыманьня – падпіску аб нявыезьдзе – пракурорка прапануе пакінуць ранейшай.
Дом Фядыніча ў Сухадолах прапануе канфіскаваць, але кватэру, дзе жыве ягоная сям’я, вызваліць ад арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У судзе высьветлілася, што тэлефоны лідэраў незалежнага прафсаюзу праслухоўваюцца дагэтульГенадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.
Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныяФядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся