Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе высьветлілася, што тэлефоны Фядыніча і Комліка праслухоўваюцца дагэтуль


Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік у судзе. 30 ліпеня 2018 году
Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік у судзе. 30 ліпеня 2018 году

На судовым паседжаньні 15 жніўня ў крымінальнай справе лідэраў прафсаюзу РЭП пракурор зачытаў зьмест тэлефонных размоваў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка з супрацоўнікамі прафсаюзу і сьведкам

Паводле пракурора, «з 31 ліпеня па 9 жніўня 2018 году праведзена апэратыўна-пошукавае сьледзтва. Некаторыя дадзеныя запісаныя».

Адна размова тычылася дапамогі адвакатаў. Сьведка па справе Надзея Есіповіч раілася з Генадзем Фядынічам, што казаць, ці ісьці са скаргай у пракуратуру. Фядыніч дае ўказаньне ісьці толькі з адвакатам. Размаўляюць яны і пра псыхалягічны ціск, пра пагрозы — у судзе многія сьведкі адмовіліся ад паказаньняў, дадзеных на папярэднім сьледзтве, таму што на іх ціснулі і запалохвалі, і пасьля гэтага, некалькі дзён таму, чатырох чалавек зноў даставілі ў Сьледчы камітэт.

У размове Фядыніча зь лідэрам Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалаем Зіміным таксама гаворка ідзе пра тое, каб сьведка Сьняжана адмаўлялася гаварыць без адваката.

Пасьля агучваньня ўсіх тэлефонных размоў Генадзь Фядыніч запытаўся ў пракурора, якім чынам ажыцьцяўляецца гэтае праслухоўваньне і на падставе чаго.

«Я пакуль на волі і зьяўляюся кіраўніком прафсаюзу. Гэтая размова з бухгальтаркай Генрыхаўнай... Вы ня мелі права зачытваць іх увогуле! За кожным а 7 гадзіне раніцы прыйшлі па 4 чалавекі! Вы кажаце, што няма ціску, але тут жа пярэчыце гэтаму! Нельга было іх па-іншаму выклікаць?

І мы будзем тлумачыць людзям, як паводзіць сябе, распавядаць пра іх правы і абавязкі падчас затрыманьняў і допытаў! Яны ня ведаюць гэтага, не адукаваныя юрыдычна, а вы гэтым карыстаецеся!», — абурыўся старшыня прафсаюзу РЭП.

На ягоную думку, праслухоўваньне, зробленае з парушэньнем закону, ня мае юрыдычнай сілы.

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік у судзе. 30 ліпеня 2018 году
Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік у судзе. 30 ліпеня 2018 году

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя

Фядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).

Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG