На чацьвёрты дзень працэсу над лідэрамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам у якасьці сьведкі праз Skype дапыталі сьледчага, не паказваючы ягонага твару.
Супрацоўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Сяргей Дзьмітрыеў заявіў суду, што старшыня прафсаюзу РЭП — падсудны Генадзь Фядыніч меў рахунак у банку SEB у Літве з 2012 году.
Якім чынам былі атрыманыя гэтыя зьвесткі, ці прадстаўляў банк выпіску — сьведка не паведаміў, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.
Генадзь Фядыніч хадайнічаў, каб супрацоўніка ДФР Дзьмітрыева, які кіраваў ператрусамі ў жніўні 2017 году ў офісе прафсаюзу РЭП, дапыталі ў судзе асабіста.
Прафсаюз РЭП праслухоўвалі зь сярэдзіны чэрвеня
«Яму тут нічога не пагражае, і ягоным блізкім таксама. Мы не арганізаваная крымінальная групоўка, а людзі Беларусі», — сказаў лідэр прафсаюзу РЭП.
Але судзьдзя Марына Фёдарава хадайніцтва адхіліла.
Сяргей Дзьмітрыеў праз Skype распавёў, што на рахунак Фядыніча ў банку SEB былі пералічаныя 140 тысяч эўра і 17 тысяч даляраў. Сродкі паступалі ад дацкага прафсаюзу ZF штомесяц. Грошы нібыта здымалі ў Вільні і перавозілі розныя людзі па 5 тысяч, а Фядыніч і Комлік іх потым забіралі.
Паводле сьледчага ДФР, з 2011 году Фядыніч 160 разоў перасякаў мяжу:
«Грошы вывозіліся нібыта для прафсаюзнай дзейнасьці, а насамрэч выкарыстоўваліся ў асабістых мэтах».
На пытаньне адвакатаў, якім чынам была атрыманая выпіска банку, ці прадстаўляў яе сам банк, Дзьмітрыеў адказаў, што гэта таямніца.
«Гэта сакрэтная інфармацыя»
На пытаньне, чаму Дзьмітрыеў сьцьвярджае, што грошы выкарыстоўваліся ў асабістых мэтах, сьледчы адказаў, што так сказалі сьведкі. На большасьць удакладняльных пытаньняў адвакатаў і абвінавачаных супрацоўнік ДФР адказваў: «Гэта сакрэтная інфармацыя».
«Наша справа палітычная», — падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя
Сьледчы дадаў, што частку інфармацыі знайшлі пры ператрусах, а таксама здабылі зь перапіскі праз электронную пошту.
Калі Генадзь Фядыніч пацікавіўся, чаму Дзьмітрыеў сьцьвярджае, што грошы ён выдаткаваў на асабістыя мэты, супрацоўнік ДФР адказаў:
«Гэта вынікі апэратыўна-вышуковай дзейнасьці».
Фядыніч просіць удакладніць: «Куды я патраціў грошы, якія нібыта прысабечыў?»
Дзьмітрыеў на гэта адказаў: «Вам відней».
Паводле Фядыніча, няма пэўнасьці і адносна паштовай скрыні, якая нібыта належала Ігару Комліку. У пратаколе сьледзтва ўказана, што пункт доступу па ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі па скрыні ня вызначаны. А таму не даказана, што скрыня належыць Комліку.
Калі абвінавачаныя запыталіся, чаму многія сьведкі скардзіліся на ціск і запалохваньні падчас допытаў у ДФР, ці было такое, Сяргей Дзьмітрыеў адказаў: «Не, у ДФР так ня робяць», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».