Былая сакратарка прафсаюзу РЭП Юлія Юхнавец, якая на судзе прызналася, што працавала «ў якасьці агента КДБ», пакуль не размаўляе з журналістамі.
Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, якога разам з бухгальтарам Ігарам Комлікам цяпер судзяць у Савецкім раённым судзе Менску за нясплату падаткаў з грошай, атрыманых з-за мяжы, сказаў Свабодзе, што здагадаўся, што Юлія Юхнавец працуе на спэцслужбы, падчас першага ператрусу ў іхнім офісе 2 жніўня 2017 году.
Тады Юлія Юхнавец ужо не працавала ў прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці.
«Хто ў нас „крот“, я зразумеў год таму падчас ператрусу ў офісе. Я проста супаставіў факты. Былі некаторыя рэчы, пра якія ведалі толькі я і Юхнавец, а сьледчыя, якія праводзілі ператрус, таксама пра гэта ведалі. Так што я здагадаўся. Але ня думаў, што ў яе хопіць розуму так адкрыта прызнацца ў супрацоўніцтве з органамі».
Пасьля судовага паседжаньня ў панядзелак 30 ліпеня Юлія Юхнавец хуценька зьбегла. У аўторак раніцай яна зьявілася зноў у судзе, але ад журналістаў зноў зьбегла і на само паседжаньне не прыйшла. Праз тэлефон карэспандэнту Свабоды 31 жніўня яна сказала, што вельмі занятая, гаварыць ня можа, але паабяцала ператэлефанаваць. Аднак празь нейкі час заблякавала свае акаўнты ў сацсетках і на сувязь больш не выходзіла.
Юлія Юхнавец працавала ў офісе прафсаюзу РЭП з 2014 па 2016 гады. Трапіла на гэтую працу яна выпадкова: у офіс патрэбная была сакратарка, Генадзю Фядынічу параілі зьвярнуцца ў Менскі дзяржаўны каледж электронікі, і добра знаёмыя яму майстры параілі 18-гадовую выпускніцу Юлію Юхнавец, рэкамэндавалі яе як адказную, працавітую дзяўчыну. Як сказала Юлія падчас допыту ў якасьці сьведкі на судзе, заробак у яе быў 350–400 рублёў у месяц.
У судзе дзяўчына паказала, што калі працавала, прыкладна раз на месяц езьдзіла ў Вільню і прывозіла грошы, якія ёй перадавалі Фядыніч і Комлік каля літоўскага банку, а пасьля перасячэньня мяжы або ў Менску на вакзале яна ім тыя грошы перадавала назад. Дзяўчына назвала прыблізную суму — 5 тысяч эўра.
Сьведка на працэсе лідэраў РЭП прызналася, што з 2015 году супрацоўнічала з КДБ
Сказала, што толькі адзін раз грошы пералічыла. На ўдакладняльнае пытаньне, якія былі купюры, Юлія адказала, што па 500 эўра. Тым часам на фатаздымках у крымінальнай справе відаць купюры па 200 эўра. Яшчэ на адно пытаньне, навошта яна фатаграфавала, дзяўчына спачатку прызналася, што з асабістай цікаўнасьці. А потым агаломшыла прысутную на судзе публіку:
«Ну, таму што супрацоўнічала з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі».
Яна пацьвердзіла, што супрацоўнічала з КДБ з 2015 году. На пытаньне, у якасьці каго, дзяўчына з узьнятай галавой адказала: «У якасьці агента».
Пасьля гэтай фразы прысутныя ў судовай залі скандавалі: «Ганьба». Юлія прызналася таксама, што атрымлівала ад КДБ узнагароджаньні, але суму не назвала. З залі раздаліся воклічы: «А падаткі сплаціла?» Судзьдзя зь цяжкасьцю заклікала прысутных да парадку.
Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.
Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя
Фядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).
Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся